Напярэдадні 8 сакавіка хочацца паразважаць наконт умення жанчын паспяваць літаральна ўсюды. Яны працуюць, нараджаюць і выхоўваюць дзяцей, сочаць за сямейным ачагом, падтрымліваюць утульнасць у доме. Нягледзячы на няпростую працу і магчымыя асабістыя праблемы, іскрацца пазітывам, а таксама імкнуцца захоўваць проста ашаламляльны выгляд. Мы пацікавіліся ў прахожых, з якіх кампанентаў складаецца жаночае шчасце, і што дазваляе жанчынам быць «у рэсурсе»?
Кацярына:
— Кожны чалавек марыць сустрэць сапраўднае каханне. У поўнай ступені жанчына стане шчаслівай толькі пры наяўнасці любімага мужчыны, а яе прызванне, лічу, заключаецца ў мацярынстве. Я люблю песціць сябе стрыжкай і ўкладкай, а таксама наведваць сауну і басейн, але пакуль мой маленькі сынок не дазваляе адпачыць належным чынам. Крыху падрасце — адразу пабягу ў сауну.
Анастасія з г.п. Ружаны:
— Думаю, вы ўжо атрымалі шэраг адказаў пра сям’ю і дзяцей, таму скажу так: каб быць шчаслівай, трэба выдзяляць час на адпачынак і сапраўды якаснае баўленне вольнага часу, а ў ідэале — і менш працаваць. Для мяне асабліва каштоўныя мінуты вечаровага рэлаксу, калі ўсіх паклала спаць і нарэшце можна спакойна набраць араматычную ванну. Я працую ў садку і ў школе, і заўважыла, што выхавацелі і настаўнікі, знаходзячыся сярод дзяцей, самі застаюцца маладымі, несвядома зараджаюцца энергіяй вучняў, настройваюцца на іх бадзёрасць. А 8 сакавіка я адзначаю ў поўным аб’ёме: ранішнік, канцэрт і сямейны вечар.
Наталля з дочкамі Яўгеніяй і Міраславай:
— Маё шчасце сапраўды заключаецца ў дзецях. Праўда, з імі асабліва не расслабішся, але менавіта гэтыя маленькія кветачкі з’яўляюцца галоўнай крыніцай пазітыўных эмоцый, зараджаюць энергіяй. Жанчыну, якая задаволена сваім жыццём, лёгка пазнаць: сярод пахмурных людзей яна будзе вылучацца абаяльнай ўсмешкай і нават у кепскае надвор’е выпраменьваць святло.
Сяргей:
— Не толькі жаночае, але і мужчынскае шчасце — моцная, любячая сям’я. Гэта тое, што яднае нас і сапраўды з’яўляецца самым важным у жыцці. Мая жонка заўсёды шыкоўна выглядае, як кажуць, «цвіце і пахне», але я не цікаўлюся, як гэта ёй удаецца. Мяркую, гэта тонкая і не заўсёды простая навука. На свята абавязкова парадую любімую кветкамі, ёй падабаюцца рамонкі і хрызантэмы. Магчыма, куплю ўпрыгожанне з серабра. Але я лічу, што лепш за ўсё спытаць, які падарунак жадае твая палавінка, бо сюрпрызы, аказваецца, не заўсёды сябе апраўдваюць.
Уладзіслаў:
— Здаецца, для шчасця жанчынам патрэбны разумны, уважлівы муж, паслухмяныя дзеці, а яшчэ рэалізавацца ў прафесійным плане, ну і разнастайныя раскошы, вядома. Думаю, што радасную жанчыну можна распазнаць па адкрытай усмешцы і лёгкай постаці. З 8 Сакавіка буду віншаваць маму. Яна любіць жоўтыя цюльпаны, планую набыць для яе вялікі букет гэтых кветак.
Думкамі цікавілася Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік