Вторник, 21 января 2025

Наша апытанне. Які самы арыгінальны падарунак атрымалі да 23 лютага?

706

Як аказалася, гэтае пытанне можа не на жарт збянтэжыць нашых мужчын. Падчас апытання, якое журналіст “раёнкі” правяла напярэдадні свята на вуліцах горада, “віноўнікі ўрачыстасці” паводзілі сябе так, нібыта іх папрасілі агучыць сакрэтныя планы генеральнага штаба. Большасць прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва адмаўлялася адказваць, спасылаючыся на недахоп часу.
Што ж, публікуем адказы самых смелых.

Павел:


— Не скажу, што мой адказ будзе арыгінальным. Я памятаю, як маці ўпершыню падарыла мне не цацку, не канструктар, не кніжку, а… набор для галення. Я тады адразу зразумеў, што ў яе вачах стаў дарослым. Такім чынам мама мякка намякнула, што сачыць за сваім знешнім выглядам павінны не толькі дзяўчаты, але і хлопцы.

Ягор:


— На 23 лютага я заўсёды атрымліваю шмат падарункаў. Цяжка нават сказаць, які з іх самы-самы… Напэўна, ён быў яшчэ ў дзяцінстве — пазл з супергероем, які складаўся з мноства дэталяў. Доўга я з ім змагаўся. А калі нарэшце склаў, бацькі абнялі мяне і сказалі: “Ты – наш супергерой”. З таго часу ў мяне з’явілася ўпэўненасць у сабе, у сваіх сілах.

Андрэй:


— Прызнацца, самы арыгінальны падарунак для мяне трэба браць у двукоссе: некалькі гадоў таму 23 лютага дзяўчына пабіла ў ДТЗ маю машыну. Дзякуй Богу, тады ніхто не пацярпеў: снегу, як і сёлета, было шмат – “пасадка” была мяккай. Дарэчы, пасля таго выпадку некаторыя мае сябры паказалі сябе не з лепшага боку. Таксама “падарунак”.

Мікіта:


— Напэўна, я пакажуся прагматычным чалавекам. Але мне не патрэбны арыгінальны падарунак. Добра, калі дарылі і дораць нешта практычнае, чым я магу карыстацца штодня: кнігі, канцылярскія прылады, шампуні, тыя ж шкарпэткі, якія маюць звычку знікаць у пральнай машынцы. А потым думай, дзе шукаць пару. Супакою прадстаўніц прыгожага полу: усё, што дорыце сваім мужчынам, — гэта добра, калі робіцца ад душы.

Сяргей з унукам Максімам:


— Самым арыгінальным падарункам для мяне быў… танк! Вялікі металічны танк Т-34 зялёнага колеру, ды яшчэ з пультам кіравання. Можаце сабе ўявіць такую цацку напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя? Памятаю, мне тады ўся вуліца зайздросціла. З таго часу мяне і зацікавіла ваенная тэхніка, тады і пачаў марыць стаць афіцэрам.
— Ну, дзядуля, табе і пашчасціла! Я таксама хачу сабе такі танк!

Аляксандр з пляменніцай:


— Даруйце, я не памятаю, які падарунак мне асабліва запаў у душу… Можа, таму, што я сам “падарунак”? Я нарадзіўся якраз 23 лютага! І ўся ўвага бацькоў і родных заўсёды ў гэты дзень накіравана ў мой адрас.
З надыходзячым святам і мяне, і ўсіх беларускіх мужчын! Няхай шчасціць людзям!
Гутарыла Алеся Смайлік. Фота аўтара.