З такім традыцыйным пытаннем журналісты «раёнкі» звярнуліся да жыхароў пушчанскай вёсачкі Папялёва, якія ў дзень нашага прыезду якраз працавалі на суботніку. І вось якія адказы пачулі.
Мікалай Канстанцінавіч, стараста:
— Ну, як жывём? Як усе людзі! У вёсцы ўсё больш застаецца пустых хат: моладзь з’язджае, старыя сыходзяць, а мы працягваем жыць у гэтых сумных рэаліях. Праблемы, як ва ўсіх. Пра іх не варта казаць, трэба паціху вырашаць. Вось цяпер наша задача – прывесці ў парадак сам помнік (з адваротнага боку, калі абыйдзеце, заўважыце плітку, якая адпала) і тэрыторыю вакол яго.
Валянціна Мікалаеўна, настаўніца:
— Жывём нядрэнна, грэх скардзіцца. Але для поўнага шчасця нам бракуе асфальту. Я чатырнаццаць гадоў ездзіла ў Мураву (працавала там у школе) па гэтых калдобінах, увесь гэты час чакала, спадзявалася, што дарогу прывядуць у парадак і што той жа школьны аўтобус зможа без праблем дабірацца да Сухопаля. Не кажучы ўжо пра турыстаў, якія нас імкнуцца аб’язджаць бокам, каб не трэсціся на «пральнай дошцы». У нас такія прыгожыя мясціны! Цуда-прырода! Можа, дарма спадзяюся?
Уладзімір Васільевіч, настаўнік:
— Калі тут быў калгас, то жыццё кіпела. А як расфарміравалі і падзялілі ўгоддзі паміж таварыствамі, то каму мы тут зараз патрэбны? Наўрад ці ў Папялёва вялікая будучыня. Але мы працягваем марыць, у тым ліку і аб уладкаванай дарозе. Колькі разоў яе планавалі заасфальтаваць! Адным грэйдзіраваннем тут не дапаможаш…
Надзея Віктараўна, загадчыца ФАПа:
— Так, вёска «пастарэла». Але людзі засталіся такімі ж добрымі, дружнымі, згуртаванымі. А месцы тут якія цудоўныя, паветра гаючае! Шкада, канешне, што практычна няма моладзі: інфраструктура слабая. І аўтобус ходзіць рэдка, толькі ў пятніцу і нядзелю. Добра яшчэ, што аўталаўка курсіруе і паштальёны прывозяць усё, што ні папросіш.
Ала Аляксееўна і Алена Міхайлаўна, паштальёны:
— Што граху ўтойваць! Вёска ўжо не тая, што была. Гадоў дваццаць таму тут была школа, ашчадная каса, бібліятэка, садок, ажно два магазіны. Шмат маладых сем’яў, шмат дзяцей. Але пасля расфарміравання калгаса людзі сталі масава з’язджаць, бо не бачылі тут ніякай перспектывы.
— Шкада вёскі, сумна глядзець на пустыя дамы. Аднак, цешыць, што апошнім часам сталі тут купляць дамы пад дачы людзі з Пружан, Бярозы, Кобрына і нават Брэста. Значыць, у адрозненне ад нас, спадзяюцца, што ў Папялёва ёсць будучыня. Можа, сапраўды, яны маюць рацыю?
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч. Фота аўтара