Суббота, 14 декабря 2024

Наша апытанне: як вы называеце сваю «другую маму»?

798

А вы ведалі, што ў англійскай мове словы “цешча” і “свякроў” гучаць аднолькава — mother-in-law, што літаральна перакладаецца, як “мама ў законе”? Можа, таму ніякіх анекдотаў у адрас цешчаў там ніхто не складае і страшных казак пра злую свякроў, якая зжывае нявестку са свету, ніхто не выдумвае. Цікава, а як называюць сваіх “другіх мам” нашы пружанцы? Ці гатовыя яны павіншаваць іх з Днём маці?

Наталля:


— Мне ў жыцці пашанцавала: у мяне дзве свекрыві. А чаму ўсміхаецеся? Я сур’ёзна. Проста так атрымалася, што з першым мужам мы разышліся. А вось з яго мамай працягваю падтрымліваць зносіны, больш за тое, сябрую. Цяперашнюю свякроў называю па імені па бацьку, вельмі яе паважаю і ўдзячна за сына. Фаіна Віктараўна — жанчына мудрая і тактоўная. Заўсёды добрым словам падтрымае, добрым рэцэпцікам падзеліцца, заўсёды зразумее. Таму ад душы віншую сваіх «другіх мам» са святам і жадаю ім шчасця!

Таццяна:


— Я сваю свякроў спрабую называць мамай, але не заўсёды гэта атрымліваецца. І справа тут не ў ёй, а ва мне. Мама, мне здаецца, у гэтым жыцці можа быць толькі адна. Але не падумайце, свякроў у мяне добрая. У нашы з мужам сямейныя справы не ўмешваецца, а ў цяжкую хвіліну і фінансавую дапамогу аказвае, і дзетак няньчыць. Таму хочацца параіць тым дзяўчатам, якія рыхтуюцца ўступіць у шлюб: не крытыкуйце маці вашага выбранніка. Будзьце разумнейшымі, больш памяркоўнымі. Умейце прамаўчаць, нават калі лічыце, што яна да вас ставіцца прадузята. Паважайце ўзрост, паважайце яе пачуцці — і будзе радасць у вашай сям’і.

Уладзімір:


— Я сваю дарагую цешчу называю мамай. Так у нас у радні заведзена, гэтую традыцыю працягваюць і дзеці. Мы, старэйшае пакаленне, стараемся трымаць поўны нейтралітэт і разумеем, што сёння моладзі лепш жыць асобна. У кожнага свае звычкі, сваё выхаванне, свае арыенціры і права на асабістую прастору. Да таго ж, дзвюм гаспадыням ў адным доме звычайна ўжыцца складана. Як бы бацькі ні стараліся дапамагчы, якія б добрыя матывы ў іх ні былі, часам маленькае непаразуменне можа згуляць злы жарт…
Усім жадаю міру, дабра і сямейнага дабрабыту. Цешча ці свякроў, хай пашле вам Бог любоў!

Алена:


— У мяне не было свекрыві: мама мужа пайшла з жыцця яшчэ да нашага знаёмства. Так што мама ў мяне адна. І называць мамай іншую жанчыну – гэта, лічу, перажытак мінулага. Хаця… Многае залежыць ад характару чалавека і яго здольнасці прыняць у сям’ю новага члена. Правільна выбудаваць адносіны з маці сваёй “палавінкі” здольны далёка не кожны, нават вельмі выхаваны і адукаваны чалавек.

Мікалай:


— Я сваю цешчу вельмі паважаю і хачу сказаць “дзякуй” за добрую жонку. А маладым хацелася б даць параду: не забывайце, што цешча і свякроў — жанчыны. Абедзве маці: у адной любімая дачка, у другой — не менш любімы сын. Яны з любоўю гадавалі сваіх дзяцей, выхавалі добрымі людзьмі, раз вы іх пакахалі. Вядома ж, яны жадаюць вам толькі лепшага. Аддайце старэйшым належнае! Паважайце ўзрост, не саромейцеся прыслухоўвацца да іх парад. Паверце, ніхто зла сваім дзецям не жадае. Лепш жартуйце. З гэтай нагоды раскажу анекдот: «Зяць кажа цешчы: — Мама, давайце сустрэнем Новы год разам, усё ж такі Ваш год — год Змяі… — З радасцю, сынок, а то невядома калі яшчэ сабяромся разам! Гады праз тры … — А што ў нас праз тры гады? — год Барана!». Рабіце высновы самі.
Думкамі цікавілася Алеся Смайлік.
Фота Сяргея Талашкевіча