Среда, 30 апреля 2025

Наша апытанне: Як справы, ружанцы?

635

Сёння ў Ружанах пражывае каля трох тысяч чалавек. І кожны — са сваімі радасцямі або праблемамі, якія патрабуюць пэўнага вырашэння. Аднак, што здзівіла, падчас правядзення ў пасёлку Дня сельсавета на сустрэчу з прадстаўнікамі райвыканкама прыйшло толькі некалькі мясцовых актывістаў. Журналісты «раёнкі» пайшлі ў народ, каб даведацца, ці ўсё так гладка ў «сапегаўскім каралеўстве».

Тадэвуш Сцяпанавіч:

— На мой погляд, у нашым пасёлку сапраўды няма такіх вялікіх праблем, каб іх выносіць на ўсеагульны агляд. Асабіста я ўсім задаволены. Пасля абласных «Дажынак-2019» Ружаны наогул змяніліся ў лепшы бок. Магазінаў у нас дастаткова, бальніца функцыянуе, у цэлым, тут даволі ціха і спакойна. Наогул лічу, вырашэнне вельмі многіх пытанняў напрамую залежыць ад нас саміх. Было б толькі жаданне жыць і берагчы тое, што ўжо зроблена.

Вольга Іванаўна:

— Мне няма чаго сказаць… Жыць становіцца ўсё цяжэй. Пенсію, здавалася б, атрымліваю добрую, ды і запыты ў мяне невялікія, аднак за цэнамі, якія растуць з кожным днём, не магу ўгнацца. Усё дорага. Нават не ўяўляю, як складана сем’ям з дзецьмі. Дарэчы, на што хочацца звярнуць увагу — у пасёлку не хапае дзіцячых пляцовак.

Таццяна:

— Хацелася б вас, журналістаў, паўшчуваць! Некалькі месяцаў таму, падчас сходу, нашы людзі агучвалі шэраг праблем, але карэспандэнт у сваім артыкуле на іх нават не акцэнтаваў увагі…

Што хацелася б змяніць? Дык гэта работу мясцовага ўнівермага, асартымент у якім, асабліва зімовы, вымушае жадаць лепшага. Тавар прывозяць толькі пад заказ, і тое праз дзён дзесяць. А калі мне сёння, напрыклад, патрэбны зімовыя боты?.. Яшчэ застаецца марыць аб тым, што калі-небудзь шматпавярховы дом, у якім я жыву, уцепляць. За ўласныя грошы мы гэта не зможам зрабіць.

Алена:

— Праблемы, напэўна, у пасёлках, падобных на наш, аднолькавыя: на шэрагу вуліц небяспечны рух. Не хапае тратуараў, дарогі, асабліва другарадныя, недастаткова добраўпарадкаваны. А яшчэ ў Ружанах практычна няма дзе перакусіць турыстам, якія прыязджаюць у наш замак здалёк. Добра, што хоць ёсць сталоўка ААТ «Ружаны-Агра», але яна размешчана далёка ад цэнтра пасёлка — не кожны спецыяльна туды будзе дабірацца. Падобны сэрвіс трэба наладжваць у крокавай даступнасці.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік