Суббота, 24 мая 2025

Наша апытанне: Як пружанцы рыхтуюцца да Новага года і якія стравы гатуюць на навагодні стол?

888

Час няўхільна бяжыць наперад. Здаецца, толькі пачынаўся панядзелак, маргнуў вокам — ужо і нядзеля заканчваецца. У такім віхуры спраў і падзей мы і не заўважылі, калі паспела наблізіцца галоўнае казачнае свята зімы. Карэспандэнты «раёнкі» вырашылі даведацца, як пружанцы рыхтуюцца да Новага года і якія стравы гатуюць на навагодні стол.

Жанета:

— Новы год — цудоўная нагода сабрацца ўсёй сям’ёй. Асабіста для мяне гэта вельмі кранальнае свята, таму што прыязджаюць сын з Піцера і дачка з Мінска. У асноўным за навагодні стол адказваюць дзеці: заўсёды выдумваюць новае, шукаюць нешта эстэтычнае і арыгінальнае. Я ж гатую больш традыцыйныя рэчы. Але галоўнай стравай, якая кожны год займае сваё пачэснае месца ў сярэдзіне стала, з’яўляецца салата «Аліўе».

Валерый:

— 31 снежня заўсёды нясе для мяне радасць, адчуванне пачатку і надзеі ў сувязі з надыходзячым новым годам. Мы ставім на стол розную нарэзку, яблыкі, апельсіны, мандарыны, шампанскае, «Аліўе». Але пераможцам сэрцаў і страўнікаў у нашай сям’і з’яўляецца «Селядзец пад шубай». Традыцыйна мы гатуем страву на вялікае блюда, каб 1 студзеня паласавацца насычанай салатай. Хочацца, каб 2023 год спыніў усе войны і даў магчымасць людзям цешыцца мірным небам над галавой — гэта самае галоўнае.

Наталля:

— Галоўны атрыбут Новага года — гэта ёлка. Не штучная, а менавіта жывая. Яе неверагодны пах свежасці і здароўя адразу вяртае ў дзяцінства. На нашым стале ўсё па класіцы: «Аліўе», мандарыны, розныя прысмакі. Увогуле, свята сямейнае і традыцыйнае, таму і навінкі на навагоднім стале лічу немэтазгоднымі. Яшчэ мы стараемся ўлагодзіць галоўны сімвал года. Калі, напрыклад, наступны год пройдзе пад знакам Сабакі, мы аддаём прыярытэт мясным стравам. Праўда, пакуль яшчэ не прыдумалі, чым парадаваць Труса.

Вікторыя:

— Свята будзе паспяховым, калі яго загадзя прадумаеш, падрыхтуеш падарункі, упрыгожыш дом. На нашым святочным стале, як і ва ўсіх, ёсць «Аліўе», запечаная курыца, рыба, розныя бутэрброды, мандарыны, шампанскае, цукеркі. У маё дзяцінства запякалі дамашнюю гусь з грэчкай і апельсінамі. Гэтая страва была сапраўднай фішкай навагодняга стала. Зараз дамашніх гусей няпроста знайсці, таму наша традыцыя крыху забылася.

Сяргей:

— Новы год — новы этап у жыцці. У гэты час мы падводзім вынікі, робім высновы і будуем планы на будучыню. Разам з дзецьмі чакаем бою курантаў і абавязкова загадваем жаданні. Бывае, што пішам свае запаветныя мары на паперы, якую ў апошнюю хвіліну года спальваем, каб жаданне дакладна здзейснілася, але часцей проста запальваем бенгальскія агні. Таксама мы любім свята Каляды. Я лічу, што Новы год усё ж такі больш для дзяцей. Час, калі яны чакаюць падарункаў, сочаць, адкуль прыйдзе Дзед Мароз. Для малых гэта сапраўдная падзея!

Віталій і Наталля з аграгарадка Клепачы:

— Мы адразу думаем пра снег і падарункі. Звычайна адзначаем ва ўтульным сямейным коле, збіраемся са сваякамі і чакаем свята. Гатуем «Аліўе», «Селядзец пад шубай». На наш погляд, галоўны атрыбут Новага года — гэта шампанскае. Келіх гэтага напою пад бой курантаў — сапраўднае шчасце! Пасля таго, як Новы год наступіў, мы адпраўляемся ў госці: у нас шмат хрэснікаў, якіх трэба павіншаваць. А як падрасце наша малодшае дзіця, адновім традыцыю наведваць ёлку.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік