Четверг, 10 октября 2024

Наша апытанне: Як пружанцы адзначаюць Дзень закаханых і што дораць другім палавінкам?

927

Сёння 14 лютага — Дзень усіх закаханых. Гэта дастаткова новае свята для нас, але, думаем, што многія памятаюць паштоўкі ў форме сэрца, так званыя «валянцінкі», якімі ў гэты дзень абменьваліся, калі былі школьнікамі. Мы вырашылі даведацца ў жыхароў горада, як адзначаюць яны свята закаханых і што дораць адзін аднаму.

Валянціна:

— 14 лютага нядаўна стала для нашай сям’і асаблівым днём. Год таму менавіта ў Дзень святога Валянціна нарадзілася наша ўнучка Лізавета. Так што атрымліваецца падвойнае свята. А ўвогуле мы з мужам заўсёды адзначалі гэты дзень дома. Ён гатуе смачную вячэру, сустракае мяне з кветкамі. А я яму дару сваё сэрца.

Людміла:

— Калі былі маладзейшымі, святкавалі гэты дзень абавязкова. Збіраліся ўвечар, хадзілі ў кафэ, гулялі па горадзе. Нязменным атрыбутам свята былі «валянцінкі», якія мы дарылі адзін аднаму. А зараз ужо не тое: дзеці, сям’я. Адзначаем ужо іншыя святы.

Аляксандр:

— 14 лютага я святкую, калі ёсць з кім. Звычайна дару сваёй дзяўчыне кветкі, парфумерыю або прысмакі. Яшчэ рыхтую рамантычныя неспадзеўкі: вячэру ў кафэ, прагулкі па горадзе. Аднойчы нават запрасіў пакатацца на поні. Той вечар атрымаўся вельмі незвычайным.

Алеся:

— Я заўсёды адзначаю Дзень усіх закаханых, хаця пакуль і не сустрэла сваю другую палавінку. На дадзены момант святкую разам з дзецьмі. Мы віншуем адзін аднаго, яны дораць мне невялікія падаруначкі, зробленыя сваімі рукамі. Вельмі прыемна. Наогул, для мяне гэты дзень — сімвал натхнення і надзеі.

Эдвард:

— Калі было з кім, вядома ж, святкаваў Дзень закаханых. Ладзіў для сваёй дамы рамантычны вечар, абавязкова дарыў кветкі. Я лічу, што ў такі дзень мужчына з асаблівым імпэтам павінен адорваць сваю жанчыну ўвагай і клопатам.

Людміла і Віталь:

— Гэты дзень мы заўжды праводзім разам. Гэта, можна сказаць, наша сямейнае свята. Дорым адзін аднаму невялікія падаруначкі (кветкі, цукеркі, «валянцінкі»), робім прыемныя сюрпрызы. Абавязкова наладжваем святочную вячэру пры свечках.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік