Четверг, 17 апреля 2025

Наша апытанне: Вострая неабходнасць ці плот варожасці? Што думаюць пружанцы наконт будаўніцтва агароджы ў Белавежскай пушчы

400

Эколагі, навукоўцы, прыродахоўныя арганізацыі выказалі занепакоенасць існуючай сітуацыяй, якая ўзнікла ў сувязі з будаўніцтвам плота на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Мы вырашылі даведацца меркаванне на гэты конт у жыхароў нашага горада.

Максім:

– Думаю, што агароджа, якую будуе Польшча на мяжы з Беларуссю, абсалютна не патрэбная. Неабходна прыслухацца да навукоўцаў, якія лічаць гэты плот небяспечным для жывёл, што пражываюць у Белавежскай пушчы. Жывёлы ж ні ў чым не вінаватыя, для іх не існуе мяжы, яны бегаюць і на нашай тэрыторыі, і на тэрыторыі Польшчы.

Васіль Мікалаевіч:

– Так, я чуў пра тое, што Польшча ўзводзіць агароджу на мяжы з Беларуссю. Маё меркаванне: гэта глупства, нельга так рабіць. Для жывёл гэта раўнасільна турме. Людзі, якія гэта прыдумалі, зусім не разумеюць, што яны робяць.

Мікалай Мікалаевіч:

– Мне здаецца, не трэба будаваць гэты плот. Гэта нагнятанне варожасці, я думаю. Трэба жыць толькі мірна. Акрамя таго, будаўніцтва нашкодзіць прыродзе, бо парушаюцца натуральныя працэсы. Як потым аднаўляць загубленае? Варта як мага хутчэй спыніць будаўніцтва.

Вольга:

– Маё меркаванне выразнае: гэты плот не патрэбны. Па-першае, ён перакрывае натуральныя сцежкі звяроў. Яны пацерпяць ад дзеянняў чалавека. Па-другое, гэта падзяленне людзей. Мы заўсёды жылі разам, а цяпер што робіць гэтая Польшча?  У нашай жа краіне ўсё мірна, усё добра.

Соф’я Сяргееўна Карпей, былы малалетні вязень канцлагера «Азарычы»:

– Не дай Божа, каб паўтарылася тое, што было – гэтая страшная вайна. Як такое адбываецца? Мы заўсёды сябравалі з Польшчай, а зараз што яны робяць? Нашто гэта ўсё? Жывёлы будуць пакутаваць, гінуць. І людзі па розных баках таксама.

Наталля Аляксандраўна:

– Я, вядома, стаўлюся адмоўна да факту будоўлі Польшчай плота на мяжы з намі. Белавежская пушча –  гэта наш здабытак, непарушнасць. Ніхто яе не павінен агароджваць, тым больш плотам. Я не згодна з гэтым. Варта жыць дружна, не трэба раздзяляцца.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік