Понедельник, 2 декабря 2024

Наша апытанне ў працяг тэмы: Вам падабаецца цэнтральны рынак?

692

У наша дынамічнае стагоддзе будуюцца сучасныя магазіны, таварныя паліцы ломяцца ад багацця прадуктаў, квітнее інтэрнэт-гандаль. Наколькі і ў якім фармаце неабходныя цяпер звычайныя рынкі, у прыватнасці цэнтральны пружанскі, што знаходзіцца па вуліцы Гогаля? На жаль, думкі і прапановы жыхароў раёна на гэты конт у рэдакцыю пакуль не паступалі (у мінулым суботнім нумары ў «Калонцы галоўнага рэдактара» Віктар Ільюшчанка заклікаў чытачоў да ўдзелу ў абмеркаванні тэмы). Таму мы вырашылі ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і выйшлі з пытаннямі на вуліцы горада.

Уладзімір:

— Апошні раз я наведваў цэнтральны рынак вясной, калі прадавалі чарэшню. Там амаль нічога няма, што магло б заціквіць. Прадукты я купляю ў «Верасе», будаўнічыя матэрыялы можна набыць у той жа «Оме». На жаль, рынак страціў сваю актуальнасць.

Алеся з дачкой Яўгеніяй:

— На рынак мэтанакіравана хаджу па свежую рыбу, часам купляю іншыя прадукты. Хацелася б бачыць больш мясной прадукцыі і, пажадана, па аб’ектыўнай цане. Я лічу, што 20 рублёў за кілаграм сала — перабор. Адзенне на рынку не купляю, карыстаюся інтэрнэт-крамамі, бо гэта значна эканоміць час. Напэўна, калі б рынак прапаноўваў рэчы цікавых вытворцаў і брэндаў — попыт бы нарадзіўся.

Галіна з сынам Яраславам:

— Рэдка ходзім на рынак, апошні раз былі два месяцы таму. Дакладна не хапае адзення, цяжка падрыхтаваць дзіця да школы. Літаральна няма чаго купляць, больш-менш якасны тавар прапаноўвае адна палатка. З прадуктаў купляю там садавіну і агародніну. У гэтым яшчэ хоць які выбар ёсць.

Алена:

— У мяне свой прысядзібны ўчастак, ёсць агарод, таму няма вострай неабходнасці хадзіць на рынак. Там я купляю толькі дэкаратыўныя кусты. За адзеннем іду ва ўнівермаг. Там прадаюцца дабротныя, сучасныя рэчы. Я лічу, што на рынку павінна быць уладкаваная прымерачная: непрыемна раздзявацца на вуліцы, фактычна ва ўсіх на вачах. Хочацца, каб усё было цывільна, для гэтага трэба ўсталяваць павільёны.

Сяргей:

— Наведваю цэнтральны рынак па нядзелях. Купляю прадукты, мяса, гародніну. Па адзенне еду ў Бярозу, там рынак большы і, адпаведна, больш выбару. Але гэта і зразумела: суседні райцэнтр проста памерамі перамагае Пружаны, таму так і склалася. У цэлым работа нашага рынку мяне задавальняе.

Вячаслаў і дачка Ганна:

— Наша сям’я карыстаецца паслугамі рынку. Бываем там кожныя выхадныя. Купляем і адзенне, і ежу. Разумею, што ёсць шэраг праблем, але спадзяюся, што ў хуткім часе яны будуць граматна вырашаны. Вельмі хацелася б бачыць больш разнастайны асартымент адзення і паболей гандлёвых кропак.

Уладзімір:

— На цэнтральным рынку я набываю ўсяго патроху. Жыву ў вёсцы, таму прадуктамі забяспечаны. У асноўным купляю аддзенне і абутак. Канешне, гандлёвых радоў магло б быць і больш: заўсёды ёсць куды імкнуцца, але з большага я задаволены.

Думкамі цікавіліся Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік