Менш за суткі застаецца да асноўнага дня галасавання на выбарах дэпутатаў-2024. Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, ужо зрабіў выбар, а для кагосьці галасаванне менавіта ў нядзелю — не проста грамадзянскі абавязак, а добрая сямейная традыцыя і сапраўднае свята. Таму калі яшчэ не пабывалі на сваім выбарчым участку, абавязкова зрабіце гэта сёння да 19.00 або заўтра — з 8.00 да 20.00 гадзін.
Мы ж напярэдадні асноўнага дня галасавання выйшлі на вуліцы Пружан і спыталі ў жыхароў і гасцей райцэнтра, калі звычайна галасуюць яны, наколькі важнай лічаць сёлетнюю выбарчую кампанію, ці сочаць за яе ходам і ўвогуле ці даводзілася ім звяртацца па дапамогу да дэпутатаў.
Галіна, жыхарка г. Пружаны:
— У выбарах удзельнічаю абавязкова. У нас у сям’і ўсе вельмі актыўныя, мы патрыёты. Звычайна іду на ўчастак у асноўны дзень галасавання не адна, бяру з сабой унукаў, каб у будучым яны разумелі, што такое выбары і чаму прыняць удзел у галасаванні — абавязак кожнага. Сёлета плануем пайсці разам з унучкай Васілісай, яна актывістка і ў свае 11 гадоў — лаўрэат розных міжнародных конкурсаў. Вельмі рада, што зараз мы, беларусы, жывём у спакоі і згодзе. У мяне многа родзічаў за мяжой. Яны таксама шчыра рады за нашу Беларусь і за Расію — муж у мяне расіянін, з Валгаграда. Гэта цудоўна, што мы нічога і нікога не раздзяляем, і веру, што так будзе і надалей.
Аляксандр Мікалаевіч, жыхар в. Гарадзечна:
— Заўсёды галасую ў асноўны дзень. Гэта прыемная, святочная падзея, нездарма ж на ўчастках у дзень выбараў ладзяць канцэрты. З інфармацыяй пра тое, каго ўбачу ў бюлетэнях, пазнаёміўся на працы. Адзіны дзень галасавання — гэта зручна для ўсіх. Дэпутаты выслухоўваюць звароты, шукаюць шляхі іх вырашэння, віншуюць людзей — гэта сапраўды патрэбная работа.
Наталля, жыхарка г. Пружаны:
— Аддала свой голас на выбарах датэрмінова, паколькі зрабіць гэта ў нядзелю не атрымаецца. З імёнамі кандыдатаў у дэпутаты, дарэчы, пазнаёмілася дзякуючы вашай газеце. Упэўнена, што дэпутаты — памочнікі людзей у тых ці іншых пытаннях. Мая сям’я галасуе з задавальненнем, і мы падтрымліваем курс, абраны нашай краінай.
Віктар Міхайлавіч, жыхар г. Пружаны:
— Галасаваць у асноўны дзень — гэта ўжо як сямейная традыцыя. Ідзём на ўчастак разам, пасля купляем торт ці іншыя салодкасці сабе і ўнуку, з задавальненнем слухаем канцэрт, калі трапляем на яго. З праграмамі кандыдатаў пазнаёміўся, і з выбарам ужо вызначыўся. Самому звяртацца да дэпутата не даводзілася, звяртаўся знаёмы, і народны абраннік сапраўды дапамог. Таму хачу пажадаць усім, хто пасля выбараў атрымае статус дэпутата, каб іх работа была па-сапраўднаму эфектыўнай і каб як мага часцей яны чулі словы падзякі ад выбаршчыкаў.
Кацярына Вячаславаўна, жыхарка г. Пружаны:
— У нядзелю як медработнік буду дзяжурыць на выбарчым участку, таму выканала грамадзянскі абавязак датэрмінова. Загадзя пазнаёмілася з імёнамі кандыдатаў і зрабіла свядомы выбар. У нас на працы, дарэчы, ёсць актывіст аднаго з кандыдатаў, дзякуючы яму азнаёмлена з праграмай. Выбары — вельмі важнае мерапрыемства для дзяржавы, мы ўсе павінны прыняць у ім удзел. Думаю, што ўвядзенне Адзінага дня галасавання — правільнае рашэнне. Гэта зручна для выбаршчыкаў у плане эканоміі часу і для краіны — у эканамічным аспекце. Работа дэпутатаў — важная і значная, працавала побач з дэпутатам і бачыла на свае вочы, што яна дапамагала не словам, а справай. Гэта адказныя і ініцыятыўныя людзі.
Сяргей, жыхар г. Пружаны:
— Галасаванне ў мяне яшчэ наперадзе. На выбарчы ўчастак адпраўлюся непасрэдна 25 лютага. Так раблю заўсёды. Перад тым, як прагаласаваць, абавязкова знаёмлюся з імёнамі і праграмай кандыдатаў, каб зрабіць свядомы выбар. Хачу, каб краіна развівалася гарманічна, каб у Беларусі было спакойна і людзі былі шчаслівымі. Упэўнены, што такую ж мэту ў сваёй рабоце будуць ставіць і абраныя па выніках галасавання дэпутаты.
Меркаваннямі цікавіўся Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік