Понедельник, 2 декабря 2024

Наша апытанне: У якіх навагодніх персанажаў пераапранаюцца першакласнікі СШ №5 і якія падарункі чакаюць на свята?

441

Не так даўно ў нашай газеце друкавалася заметка пра савецкія ранішнікі. Фотаздымак, дзе роўненька стаялі і сядзелі дзеткі ў навагодніх касцюмах Сняжынак і Зайчыкаў, выклікаў у нашых чытачоў сапраўдную хвалю настальгіі. Мы вырашылі пацікавіцца, у якіх персанажаў пераапранаюцца сучасныя дзеці, якія падарункі чакаюць ад Дзеда Мароза, — і наведалі ранішнік у школе № 5.

Кіра, 1 «А» клас:

— Я добра сябе паводзіла, ні з кім не сварылася, старанна вучылася, выконвала ўсе школьныя заданні, слухала настаўніцу і дапамагала маме з татам. Я напісала пісьмо Дзеду Марозу і ведаю, што бацькі адправілі яго па адрасе. У зімовага чараўніка я папрасіла лега-набор «Салон прыгажосці». Таксама мамачка з татачкам будуць рыхтаваць для мяне сакрэтны падарунак. Касцюм Зайчыка мы выбіралі з мамай, заказвалі яго па інтэрнэце. Ад Новага года я чакаю радасці і весялосці.

Максім, 1 «В» клас:

— Я дапамагаў маме пыласосіць, а яшчэ дзяліўся ежай са сваімі сябрамі. Так што ў надыходзячым новым годзе я чакаю падарункаў. Ліст Дзеду Марозу планую напісаць пасля ранішніка: калі мы з ім пазнаёмімся ўласна, ён мне не адмовіць. Папрашу ў яго гадзіннік. Сёння я ў касцюме Напалеона, але добра не запомніў, што гэта за персанаж. Ведаю, што ёсць такі торт, а салодкае я люблю.

Лёша, 1 «А» клас:

— Мне не падабаецца чытаць, я б папрасіў у Дзядулі Мароза, каб чытанне ўвогуле адмянілі, але так, напэўна, нельга.
Гэты год прайшоў нармальна. Я часта дапамагаў тату, напрыклад, чысціў кукурузу курам. У навагоднюю ноч пад ёлкай я хачу знайсці вялікі вадзяны самалёт і цукеркі. Сёння я ў вобразе Халка, бо я люблю коміксы. Я доўга вырашаў, у каго пераапрануцца, таму што мне падабаюцца Флэш і Халк, усё ж я не такі хуткі, таму выбраў апошняга.

Аня, 1 «А» клас:

— На ранішнік я прыйшла ў вобразе прынцэсы. Мне здаецца, я падобна на Рапунцаль, таму што ў мяне таксама доўгія валасы. На Новы год у Дзядулі Мароза я папрасіла цацачнага сабачку. Напэўна, можна было б і жывога, але я пакуль маленькая і не змагу яго якасна даглядаць. Самы класны час у нашай сям’і — раніца 1 студзеня, таму што тады мы дастаём з пад ёлкі падарункі і адкрываем іх.

Даша, 1 «В» клас:

— Ад Новага года я чакаю падарункаў, шчасця, усмешак і многа радасці. Мне вельмі спадабаўся сённяшні ранішнік: я патанцавала, пабачыла смяшарыкаў і Дзядулю Мароза. Я — Лісічка, касцюм мы куплялі разам з мамай: падбіралі яго пад колер маіх вачэй. У Дзеда Мароза я папрасіла ляльку.

Ранішнік пад назвай «Навагодні кастынг у агенцтве Дзядулі Мароза» падрыхтавала педагог-арганізатар СШ № 5 Наталля Бармута, у ім прынялі ўдзел 11 акцёраў. З першых мінут імпрэза прыцягнула ўвагу не толькі маленькіх, але і дарослых гледачоў, а ўсё таму, што пры падрыхтоўцы да свята выкарыстоўваўся сучасны падыход. Нетрадыцыйныя галоўныя персанажы, яскравыя касцюмы, маладзёжныя выразы і папулярная музыка ўразілі дзяцей, выклікалі гучныя воклічы радасці і шчырыя апладысменты. Атрымалася проста выдатнае мерапрыемства!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік