Суббота, 18 января 2025

Наша апытанне сярод вадзіцеляў: Каго ці што вы баіцеся сустрэць на шляху?

532

«Дарога — не месца для гульняў», «Будзь асцярожны на дарозе», «Вадзіцель! Сачы за дарогай» — падобныя папярэджанні даволі часта гучаць у газетах і па тэлевізары. Сапраўды, праезная частка — крыніца павышанай небяспекі, дзе сітуацыя можа нечакана выйсці з-пад кантролю нават калі строга прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху. Любы вадзіцель са стажам можа расказаць нямала гісторый пра непрыемныя сустрэчы падчас язды. А што зараз можа напалохаць вадзіцеля? Каб даведацца пра гэта, мы звярнуліся да пружанскіх аўтааматараў з пытаннем: «Каго ці што вы баіцеся сустрэць на шляху?».

Дзмітрый:

— Страшна сустрэць «ліхача», у якога ў галаве гуляе вецер. За 18 гадоў за рулём нярэдка даводзілася прымаць неардынарныя рашэнні, каб пазбегнуць дарожна-транспартнага здарэння. У большасці выпадкаў самае правільнае — гэта прыняць направа або ўвогуле спыніцца і прапусціць такога гоншчыка.

Максім:

— Аднойчы быў сведкам аварыі, у ліквідацыі наступстваў якой давялося прымаць удзел. І гэта мяне вельмі моцна ўразіла. З тых пор баюся падобных сустрэч.

Іван:

— А чаго зараз можна баяцца? Нягледзячы на тое, што машын стала больш, парадку таксама дабавілася. Сустракаюцца часам парушальнікі правілаў, але ж «блізка пазнаёміцца» мне з такімі, на шчасце, не давялося. Добра, што веласіпедыстаў прыбралі з праезнай часткі, менш засталося падстаў для хвалявання.

Анастасія:

— Я жыву ў прыпушчанскай зоне, таму вельмі баюся сустрэць на дарозе жывёлу. Пры гэтым не толькі дзікую, але і свойскую. Асабліва ў летні перыяд, калі многія гаспадары адпускаюць на вольны выпас сельскагаспадарчых жывёл: давялося мне мінаць кароў, авечак, коней. Але найбольш трывожуся, калі еду праз лес у вячэрні ці начны час. У такіх выпадках вельмі важна ехаць з меншай хуткасцю, каб своечасова спыніцца.

Анатоль:

— Самае страшэннае для мяне — жывёлы, хаця і не толькі… Здараецца, што пешаходы бываюць нават больш небяспечныя. Калі сустракаю такіх, то гатовы нават спыніцца, каб прапусціць. Але ж здаралася і націскаць на газ матацыкла, каб хутчэй абагнаць.

Думкамі цікавіліся Алег Сідарэнка і Кацярына Масік (фота).