Пятница, 14 февраля 2025

Наша апытанне: Што смачней за сыр пружанскі?

910

Не першы год наш раён упэўнена ўтрымлівае першае месца па валавой вытворчасці малака ў рэспубліцы. У тым ліку і наша «малочная рэчка» ўліваецца ў прадукцыю шэрага перапрацоўчых прадпрыемстваў Брэстчыны, а сыры і масла Пружанскага малочнага камбіната карыстаюцца бясспрэчнай папулярнасцю не толькі ў беларусаў, але і за мяжой.

Але ж выбар «малочкі» розных вытворцаў у магазінах вельмі вялікі. Цікава, якой прадукцыі аддаюць перавагу пружанцы?

Ала Мікалаеўна:

— Пружанская малочная прадукцыя заўсёды на нашым стале. Мы жывём недалёка ад крамы «Верас», вось там заўсёды і атаварваемся. Сметанковае масла 82%-нае цудоўнае, усе сыры цвёрдыя. Усё вельмі смачна. Мы задаволены.

Толькі нешта даўно пружанскага малака не бачна. Раней, памятаю, глядзелі: калі накрыўка чырвоная на бутэльцы, значыць, бярэм абавязкова.

Людміла:

— Мы з мужам даўно аддаём перавагу брэсцкай малочнай прадукцыі. Купляем і смятану, і малако, і кефір. Тварог любім больш тлусты, 9%. А вось сыр — толькі пружанскі. Ёсць некалькі любімых сартоў. Напрыклад, «Пружанскі», «Сметанковы». Нашы дзеці жывуць у Мінску, але ў сталічных магазінах заўсёды шукаюць таксама наш пружанскі сыр, настолькі ён смачны.

Наталля:

— «Малочка» складае значную частку прадуктовага кошыка нашай сям’і. Часта купляю кобрынскае малако. Ёсць нядрэнная прадукцыя ў Магілёўскай малочнай кампаніі, а таксама Брэсцкай. Цвёрдыя сыры люблю пружанскія, вельмі яны нам падабаюцца. А вось адыгейскі сыр купляю толькі кобрынскай вытворчасці.

Яўген:

—Часцей за ўсё бяру пружанскую і кобрынскую малочную прадукцыю. З кобрынскай «малочкі» асабліва падабаецца смятана, але і ад ваўкавыскай смятанкі не адмаўляюся. Сыры купляю, вядома, толькі пружанскія, і тварог наш мне падабаецца. А вось жонка аддае перавагу ваўкавыскаму тварагу. Ён, кажа, больш смачны.

Алена:

— У Пружаны я прыехала толькі два гады таму. Але ўжо ацаніла смак пружанскіх сыроў. Смятану і малако выбіраю больш свежыя. А ўвогуле люблю прадукцыю Полацкага малочнага камбіната, дзе працавала раней. У прыватнасці, салодкія глазураваныя сыркі. Аналагу ім пакуль не сустракала.

Сяргей:

— Я не вельмі люблю малочную прадукцыю. Да тварагу, малака, сыру стаўлюся абсалютна абыякава. Калі і купляю што, дык гэта кефір. Часцей за ўсё брэсцкі.

Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік і з архіву рэдакцыі