Нягледзячы на развіццё сучаснай навукі, ніхто і зараз не зможа сказаць дакладна, па чыёй волі — вышэйшых сіл ці прыроды — так склалася, што ў кожнай істоты на нашай планеце ёсць маці. У сацыяльнай архітэктуры чалавечага грамадства, безумоўна, здараюцца выпадкі, калі дзіця не ведае сваёй маці. Але ніхто не аспрэчвае той факт, што яна была. Няхай толькі кароткае імгненне родаў, але ўсё роўна дзве душы былі адзіным цэлым, родным.
І як жа пашчасціла тым, хто з дзяцінства, у юнацтве-маладосці, а потым і ў сталасці спазнаў, што такое матчына пяшчота, якая назаўжды застаецца ў душы. Пашчасціла тым, каго ў першыя хвіліны з’яўлення на свет трымалі матчыны рукі, потым вялі ў дзіцячы садок, у школу, збіралі сумкі ў студэнцтва і, нарэшце, бласлаўлялі святымі абразамі на стварэнне ўласнай сям’і. Каханне маці да свайго дзіцяці па-рознаму праяўляецца, але сутнасць яго нязменная. Як нязменна і яго бяскрайнасць. Што застаецца ў нашай памяці, таксама бясконцай, пакуль мы, дзеці, жывём.
14 кастрычніка ў нашай краіне штогод адзначаюць Дзень маці. Для кожнага з нас слова «мама» асацыіруецца з дабрынёй і любоўю, а знаходжанне побач з ёй надае нам спакой і душэўную цеплыню. У сувязі са святам мы вырашылі правесці невялікае апытанне, яго ўдзельнікі расказалі аб сваёй маме і самым яркім успаміне, звязаным з ёй.
Вольга Дрозд, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— Мама — гэта цеплыня, ласка, дабрыня, усмешка… Гэты спіс можна працягваць бясконца. На жаль, маёй матулі Лідзіі Сцяпанаўны ўжо няма з намі. Аднак памяць аб ёй будзе жыць назаўжды ў маім сэрцы. Калі працую на агародзе каля бацькоўскай хаты, мяне часта ахутваюць цёплыя ўспаміны пра тыя часы, калі тут была гаспадыняй мая матуля… Па прафесіі Лідзія Сцяпанаўна была вязальшчыцай, а некаторыя яе рэчы, створаныя ўласнымі рукамі, ляжаць у нашай хаце дагэтуль і нагадваюць мне пра яе.
Маці была ўласціва такая рыса характару, як ахвярнасць. Калі я вучылася, назіраўся дэфіцыт некаторых тавараў, але я ўсё роўна хацела парадаваць сваю любімую маму і таму прывозіла ёй нейкі сюрпрыз у выглядзе апельсінаў ці шакаладкі. Аднак калі праз нейкі час я зноў вярталася на малую радзіму, маці ўжо сама частавала мяне той жа шакаладкай, заўсёды была гатова ахвяраваць сабой дзеля дзяцей.
Ірына Раманюк, намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса:
— Для мяне мама — гэта самы дарагі чалавек на свеце, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Я лічу, што слова «Маці» павінна пісацца з вялікай літары, бо яе важнасць у жыцці кожнага пераацаніць немагчыма. Я вельмі ўдзячная ёй за ўсё ў любым узросце — было мне 10, 20 або 50 гадоў, я заўсёды ведаю, што магу звярнуцца да яе з любым пытаннем, і яна дапаможа ў яго вырашэнні, а таксама заўсёды падтрымае ў цяжкую хвіліну. Маёй матулі, Кацярыне Раманаўне, у кастрычніку гэтага года споўніцца ўжо 86 гадоў, аднак гэты ўзрост ёй ніхто не дае, бо яна заўсёды актыўная, пазітыўная, прыгожая, як і некалькі дзясяткаў гадоў таму. Наколькі гэта важны для мяне чалавек, гаворыць і той факт, што сваю дачку я назвала ў яе гонар – Кацярына.
Большую частку жыцця Кацярына Раманаўна прысвяціла сябе рабоце ў медыцынскай сферы. А яшчэ яна ў мяне вельмі смелая — восем разоў скакала з парашутам, што мяне вельмі захапляе. Ніколі не забуду яе клопат. У дзяцінстве маёй любімай стравай была смажаная бульбачка, і, вы ўяўляеце, асабіста для мяне яна рыхтавала яе кожную раніцу!
Віталь Матвіенка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Мама. Слова, якое ў мяне асацыіруецца з пяшчотай, непамернай любоўю і ахвяраваннем дзеля свайго дзіцяці. Менавіта яна, такая родная, аддае ўсе сілы для таго, каб нам было ўтульна на гэтым свеце, каб мы менш бачылі гора і бяды. Мая матуля Алена Лук’янаўна, жанчына мудрая і разважлівая, усё жыццё адпрацавала бібліятэкарам, таму вельмі любіла чытаць. І ў маленстве брала мяне на працу, бо дзіцячых садкоў не хапала.
Спачатку я толькі гартаў кнігі, разглядаў малюнкі. А калі асвоіў алфавіт, то і ў мяне прачнулася любоў да чытання, якая ідзе са мной па жыцці і сёння. Бяру ў рукі кнігу, і перад вачыма адразу яе вобраз, самай мілай і светлай жанчыны.
Алег Тарасевіч, галоўны спецыяліст аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Ці ёсць яшчэ на свеце больш дарагі чалавек, чым мама? Канечне, не! Матуля — гэта для кожнага з нас святая жанчына, якая не толькі дала нам жыццё, але і скіравала на правільны шлях, заўсёды падтрымлівае і словам, і справай. Інакш не можа, бо мы для яе ёсць самае дарагое ў свеце. Чым можам адказаць?
Штодзённым клопатам, нават проста прыемнымі ўспамінамі, якія нагадваюць нам пра нашых мам, пяшчотных і клапатлівых. У памяці і сёння, як мая мама Любоў Анатольеўна запякала індыка ў печы. Якія пахі ішлі па хаце, гэтага словамі не выказаць. За сталом заўсёды чакала, пакуль самыя смачныя кавалкі з‘ядуць дзеці, а ўжо потым сядала сама. Ад сэрца ўсім матулям спакою, дабра і здароўя на ўсе гады жыцця.
Падрыхтавалі Руслан Басак, Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік і прадастаўленыя ўдзельнікамі апытання