У чэрвені на гарадскім стадыёне з’явіўся новы скейт-роллер парк на якім штодзень займаюцца як дзеці, так і дарослыя. Пра тое, якія перавагі мае пляцоўка ў параўнанні з іншымі спартыўнымі аб’ектамі горада, мы даведаліся ў яе наведвальнікаў.
Эдуард Марозаў, 22 гады:
— Раней трэніраваўся на многіх спартыўных аб’ектах раёна, у асноўным на стадыёне Параслянскай сярэдняй школы. Сёння ўпершыню прыйшоў на новую варкаут-пляцоўку і магу сказаць, што тут ёсць усё неабходнае для заняткаў спортам. Дадзены аб’ект паўнавартасна можа замяніць трэнажорную залу, бо, апроч турнікоў, тут яшчэ ёсць і трэнажоры.
Яраслаў Бондар, 31 год:
— Люблю баскетбол і гуляю ў яго на розных пляцоўках горада. На новым спартыўным аб’екце займаюся з моманту яго з’яўлення і вылучу дзве галоўныя перавагі: трэніравацца можна бясплатна, а таксама — цудоўнае баскетбольнае кальцо.
Аляксандр Барылка, 15 гадоў:
— Да сучаснай варкаут-пляцоўкі трэніраваўся выключна дома. Упершыню наведаў гэты аб’ект яшчэ ў канцы чэрвеня і быў у захапленні ад колькасці трэнажораў і турнікоў. Мне тут вельмі камфортна і прыемна займацца спортам.
У нашым горадзе створаны выдатныя ўмовы для аматараў актыўнага ладу жыцця, а кожны жадаючы стаць прафесійным спартсменам можа з пэўнага ўзросту наведваць секцыю ў дзіцяча-юнацкіх школах. Садзейнічаюць папулярызацыі спорту сярод дзяцей і падлеткаў і новыя спартыўныя аб’екты, якія з’яўляюцца ў нас кожны год. Усё гэта кажа пра тое, што Пружаны — здаровы горад.
Руслан Басак.
Фота аўтара