Воскресенье, 6 сентября 2026

Наша апытанне. «Праз гады і дзесяцігоддзі: памятныя падзеі Пружаншчыны»

705

У сувязі са знакавай для раёна датай мы вырашылі правесці апытанне і даведацца ў мясцовых жыхароў, якія падзеі на Пружаншчыне запомніліся ім найбольш за ўсё і адклаліся ў іх памяці на доўгія гады.

Валянціна Грыгорык:
— Для мяне адной з самых запамінальных падзей з’яўляецца адкрыццё музея баявой славы (у дадзены момант «Зала Перамогі») у Пружанскім саўгас-тэхнікуме (аграрна-тэхнічны каледж). Ініцыятарам стварэння музея стаў Міхаіл Аркадзьевіч Шульман. У гэты перыяд мы разам з навучэнцамі ўстановы сабралі немалую колькасць экспанатаў, дзякуючы якім здолелі прасачыць паслядоўнасць падзей ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны і да моманту вызвалення Пружанскага раёна.

Уладзіслаў Маціеўскі:
— Першае, што прыходзіць на памяць з падзей, якія адбыліся ў Пружанскім раёне, — гэта «Ружанская брама». Асабіста мне гэтае мерапрыемства запомнилася, дзякуючы яго добрай арганізацыі і выдатнай канцэртнай праграме. Кожны раз, калі праводзіцца гэтае свята, мы разам з сям’ёй і сябрамі адпраўляемся туды адпачыць і атрымаць асалоду ад выдатнай атмасферы.

Аляксандр Прымачэнка:
— Для мяне вельмі запомніліся рэспубліканскія «Дажынкі-2003». Я б не стаў асобна вылучаць нейкі канкрэтны момант мерапрыемства, а адзначыў бы, наколькі ў лепшы бок змяніўся наш горад. Таксама запомнілася колькасць людзей, прысутных на гэтай падзеі, і вядома ж, маштаб самога свята. Нават параўнаў бы са свежай падзеяй, якая прайшла на нашай зямлі: фестываль «Вытокi» — гэта было неверагодна!

Ларыса Тагіева:
— У мінулым годзе ў Пружанах прайшоў рок-фестываль «Сонцастаянне», які падарыў усім сапраўднае свята. Ён прайшоў па-сапраўднаму відовішчна, запамінальна, гучна і ярка. Мы наведалі гэтае мерапрыемства ўсёй сям’ёй і атрымалі масу пазітыўных эмоцый.

Юрый Амельянчук:
— Мне запомнілася адкрыццё Лядовага палаца, якое адбылося ў 2007 годзе. Гэтае мерапрыемства наведаў сам Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. На падзеі прысутнічала вялікая колькасць людзей. Пасля завяршэння ўрачыстай часткі мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у хакейным матчы на новай арэне ў Пружанах.

А якая ж падзея найбольш запомнілася вам?

Руслан Басак