Ужо вельмі хутка наш горад адзначыць важкую юбілейную дату – 590-годдзе. Мы захацелі даведацца, што прываблівае пружанцаў на малой радзіме, чаго, на іх погляд, не хапае гораду. Таксама жыхары райцэнтра падзяліліся сваімі пажаданнямі Пружанам напярэдадні круглай даты.
Наталля:

– Мне вельмі падабаецца наш горад, і не толькі з-за таго, што я ўсё жыццё пражыла тут. Пружаны сапраўды валодаюць нейкім своеасаблівым шармам. І раней яны былі вельмі прываблівымі і ўтульнымі, а што ўжо казаць цяпер. У кожным кутку горада з’яўляюцца новыя элементы ўпрыгажэння. Адпачываць я люблю ў старым парку. Хачу, каб ва ўсім горадзе, у тым ліку ў маім мікрараёне, заўсёды было чыста… А яшчэ хачу пажадаць, каб над нашымі Пружанамі было мірнае неба.
Марына:

– Я нарадзілася і вырасла ў Пружанах. Вядома, я люблю родны горад. Часцей за ўсё адпачываю на Лебядзіным возеры і ў парку, таму што гэтыя месцы – класны мікс населенага пункта і чыстай прыроды. Мару, каб у нас заставалася больш маладых людзей. На жаль, колькасць насельніцтва ў нас меншае, горад «старэе». Хочацца, каб з’явіліся ўстановы, якія маглі б прапанаваць дзецям, падлеткам, маладым сем’ям карысны адпачынак, забаўляльныя праграмы. Няхай Пружаны растуць, развіваюцца, набываюць малады выгляд!
Дар’я:

– Горад сам па сабе невялікі, утульны, прыгожы і чысты. Радуе, што будуюцца дзіцячыя пляцоўкі, паўсюль вядзецца добраўпарадкаванне. Словам, усё робіцца для людзей. Асабіста я люблю бываць у парку: там на новай дзіцячай пляцоўцы спакойна гуляюць малыя, а таксама могуць прысесці і адпачыць бацькі. Хочацца, каб узнікала больш прадпрыемстваў, працоўных месцаў, а то будуюцца адны магазіны. Я жадаю гораду заставацца такім жа чыстым і далей забудоўвацца.
Сяргей:

– Часцей за ўсё я адпачываю на пружанскім возеры. Мяне вельмі радуе чысціня горада. З-за таго, што ў нас мала буйных прамысловых прадпрыемстваў, тут заўсёды свежае паветра. Хацелася б, каб стваралася больш працоўных месцаў, каб моладзі, ураджэнцам іншых вёсак і гарадоў можна было ўладкавацца на працу. Жадаю Пружанам, каб квітнелі і далей. Здорава, што ў бягучым годзе ўжо многае зроблена для гэтага.
Аляксандр:

– Тут нарадзіўся, тут жыву. Я люблю свой горад, ён невялікі, можа, гэтым і ўтульны. Я б прапанаваў уладам больш дэталёва падумаць наконт месцаў адпачынку для моладзі. Быццам бы і ёсць розныя кафэ, але можна было б адкрыць што-небудзь сучаснае і цікавае. Юнакам і дзяўчатам, я думаю, гэтага не хапае. Для маладога пакалення трэба праводзіць выхаваўчыя мерапрыемствы, дыскусіі на розныя тэмы, каб навучыць камунікаваць з грамадствам… А для людзей майго ўзросту тут усё ёсць. Жадаю кожнаму пружанцу, у першую чаргу, здароўя, блакітнага неба і даўгалецця.
Валерыя Пудаўкіна, Дар’я Алейнік, студэнткі філфака БрДУ імя А. С. Пушкіна. Фота Кацярыны Масік