Пятница, 14 февраля 2025

Наша апытанне да Міжнароднага дня адмовы ад курэння: Наколькі пружанцы залежныя ад нікатыну?

455

Штогод у трэці чацвер лістапада ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень адмовы ад курэння. У сувязі з гэтым зацікавіла, наколькі з’яўляюцца жыхары нашага горада залежнымі ад нікатыну? Які лад жыцця ім даспадобы? Ці створаны ўмовы ў нашым горадзе для вядзення здаровага ладу жыцця? Пацікавіліся, што думаюць пра гэта пружанцы.

Крысціна:

— Прызнацца, я курыла раней, калі вучылася ў каледжы. Думаю, што прычынай у першую чаргу стаў «заразны прыклад» людзей, якія знаходзіліся ў маім асяроддзі. Курылі ўсе, таму закурыла і я. Калі стала старэйшай, зразумела, што ад шкоднай звычкі трэба пазбаўляцца, бо яна негатыўна ўплывае на здароўе. Але істотнай залежнасці я не набыла, таму адмовіцца ад курэння было няцяжка. Наогул, я імкнуся весці здаровы лад жыцця. Раней хадзіла ў спартзалу, цяпер гуляю з дачкой на свежым паветры. Лічу, што ў горадзе дастаткова месцаў для занятку спортам. Адзінае, што можна было б дадаць, гэта ўладкаваць варкаўтную пляцоўку і ў гарадскім парку.

Мікалай:

— Я курыў два дзясяткі гадоў. Разумеў, што гэтая звычка не ідзе на карысць, і аднойчы вырашыў з курэннем «завязаць». Але кідаў курыць доўга і пакутліва, чатыры месяцы змагаўся з залежнасцю, і ўсё ж такі мне ўдалося яе перамагчы. Цяпер я — за здаровы лад жыцця. Спортам не займаюся, але раблю штодзённа прысяданні, гуляю. Што тычыцца вашага апошняга пытання, то, на маю думку, у нашым горадзе застаецца недастатковай колькасць дзіцячых пляцовак для заняткаў спортам.

Кацярына:

— Курыць я некалі спрабавала, але мне гэта не спадабалася, так што на шчасце дрэнная звычка абышла мяне. Наогул, я рэгулярна наведваю трэнажорную залу (на жаль, тут не хапае сучасных трэнажораў). Хацела б яшчэ хадзіць у басейн, але ёсць прычыны, па якіх не атрымліваецца гэта зрабіць.

Дзмітрый:

— Я куру ўжо 15 гадоў. Быў час, калі змог адмовіцца ад шкоднай звычкі і пратрымаўся два гады, але затым зноў закурыў. Жаданне адмовіцца ад курэння ёсць, але пакуль, на жаль, не атрымліваецца. Напэўна, вядзенне здаровага ладу жыцця, усё ж залежыць ад нас саміх, бо ў нашым горадзе, лічу, дастаткова месцаў для заняткаў фізкультурай і спортам.

Аляксандр:

— У 2005 годзе адмовіўся ад гэтай шкоднай звычкі, а курыў жа 20 гадоў! Было вельмі цяжка, часам нават сніліся цыгарэты. Але цяпер стараюся весці здаровы лад жыцця, часта бываю на рыбалцы і ў лесе. Лічу, што ў горадзе дастаткова месцаў для занятку спортам, было б толькі жаданне…

Віталій:

— Не магу назваць цыгарэты сваімі «сябрамі», але яны са мной больш за 20 гадоў. Спрабаваў адмовіцца ад гэтай звычкі, але ўсе спробы аказаліся няўдалымі. Хоць і куру, але стараюся падтрымліваць сваё здароўе, бываю на свежым паветры, ў лесе і на рыбалцы. Што тычыцца спартыўных збудаванняў, лічу, што нашаму гораду не хапае пляцовак на вуліцы для занятку спортам падлеткаў.

Думкамі цікавіўся Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік