Воскресенье, 12 января 2025

Наша апытанне да Дня бібліятэк: якое месца займае чытанне ў жыцці навучэнцаў і бібліятэкараў каледжа?

482

15 верасня мы традыцыйна адзначым Дзень бібліятэк. Сёлета свята выходзіць на асаблівы ўзровень: у гэты дзень Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі спаўняецца 100 год. Зразумела, у першую чаргу мы ўзгадваем прыгожы новы будынак у Мінску. Але гэты «алмаз ведаў», пабудаваны ў літаральным сэнсе ўсім мірам, быў адкрыты ў 2006 годзе. А адлік гісторыі айчыннай бібліятэчнай справы пачаўся ў 1922 годзе, калі пастановай Савета Народных Камісараў БССР пры БДУ была заснавана Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка.

Напярэдадні юбілейнай даты мы спыталі ў наведвальнікаў і работнікаў бібліятэк нашага райцэнтра: якое месца ў іх жыцці займае чытанне. І пачалі з бібліятэкі ўстановы адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж».

Ларыса Міхальчук, бібліятэкар:

— Кніга — гэта крыніца ведаў. У дзяцінстве менавіта з кніг пачынаецца наша знаёмства з навакольным светам. Я лічу, што ў параўнанні з інтэрнэтам кніжная інфармацыя лепш засвойваецца. Уласна мне больш запамінаецца тэкст, прачытаны ў звычайнай кнізе.

— У бібліятэцы каледжа вялікі кніжны фонд?

— Вялікі, больш за 43 тысячы адзінак. У нас шмат спецыяльнай літаратуры, кніг па тэхнічных дысцыплінах. Вядома, ёсць і школьныя падручнікі, і мастацкія творы.

— Вы самі калі-небудзь наведвалі Нацыянальную бібліятэку?

— Так. Я наведвала візітную картку нашай сталіцы падчас працоўных курсаў. Прыгожы сучасны будынак, было цікава там пабываць.

— Што б вы пажадалі калегам-супрацоўнікам бібліятэк раёна напярэдадні свята?

— Творчых поспехаў, сямейнага шчасця, дабрабыту, імкнуцца да прафесійных вышынь, не спыняцца на дасягнутым і проста ўсяго самага найлепшага!

Ягор Ёрш, навучэнец 1 курса па спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці»:

— Стараюся наведваць бібліятэку два-тры разы на месяц. Чытанне дапамагае развівацца, вывучаць штосьці новае. У час пандэміі я з артыкулаў больш даведаўся аб каранавіруснай інфекцыі. А яшчэ кнігі дапамаглі мне пры паступленні ў каледж, я чытаў профільную літаратуру пра будову машын і набыў дадатковыя веды.

— Друкаваная ці электронная кніга? За які варыянт ты?

— На маю думку, калі ўвесь час чытаць тэкст з манітора або экрана, можна хутка сапсаваць зрок. Мне, напрыклад, хутка пачынаюць балець вочы і, як вынік, галава. Таму я — за друкаваны варыянт.

Раман Максімовіч, навучэнец 1 курса па спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці»:

— Магчыма, мяне нельга назваць пастаянным наведвальнікам бібліятэкі, у той жа час заходжу сюды прыкладна раз на тыдзень.

— Якія творы мастацкай літаратуры падабаюцца?

— Ведаеце, цікаўлюся казкамі на беларускай мове. Вельмі люблю твор «Пра дурня і залатога птаха».

— Ты згодны са сцвярджэннем, што кнігі могуць дапамагчы стаць цікавым суразмоўцай?

— Канешне! Дзякуючы кнігам выдатна развіваецца мысленне, уяўленне. Чалавек вучыцца марыць, і гэта крута. Таксама павялічваецца слоўнікавы запас, што дазваляе твайму маўленню быць нязмушаным і прыгожым.

Гутарыла Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік