Напярэдадні юбілейнай даты — 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, якую, як і Дзень бібліятэк, адзначаем сёння, мы цікавіліся ў жыхароў нашага райцэнтра месцам у іх жыцці кнігі (з меркаваннямі можна пазнаёміцца ў нумарах за 7 і 10 верасня, а таксама на нашым сайце).
Сёння на пытанні карэспандэнта адказваюць работнікі і наведвальнікі дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось.
Вольга Дзімітруковіч, загадчыца:

— На мой погляд, роля кнігі ў жыцці чалавека велізарная. Кнігі дапамагаюць чалавеку займацца самаадукацыяй, развіваюць кругагляд, вучаць арыентавацца ў часе і прасторы, прывіваюць навык лагічнага мыслення. Таксама ў кнігі вялікі выхаваўчы патэнцыял. Мастацкая літаратура — выхавальніца і настаўніца, без яе ніяк.
— Вольга Фёдараўна, а Вы самі аддаяце перавагу замежнай або айчыннай літаратуры?
— Я больш люблю рускую і беларускую літаратуру, але, безумоўна, творы замежных аўтараў не варта абыходзіць бокам.
— Творы якіх пісьменнікаў, у першую чаргу, хочаце параіць чытачам?
— Зусім нядаўна шэраг беларускіх пісьменнікаў быў узнагароджаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Напрыклад, дзіцячая кніга Алеся Жука намініравана на першае месца. У гэтага аўтара ёсць шэраг цудоўных кніг. Мне падабаюцца творы «На дазорнай сцяжыне», «Паляванне на апошняга жураўля». Яшчэ хочацца ўзгадаць Алеся Бадака — сучаснага беларускага паэта. Яго творчасць характарызуецца ўзнёсласцю і шчырасцю, ён таксама піша вершы і апавяданні для дзяцей. Падлеткам магу параіць кнігі Эліны Багданавай, Валерыя Гапеева, а дарослым людзям раю звярнуць увагу на творы Раісы Баравіковай, Таісы Бондар, Алены Брава, Алены Стэльмах.
— На Вашу думку, ці змогуць электронныя рэсурсы выціснуць з ужывання «жывую» кнігу?
— Спадзяюся, што не. І мы прыкладаем усе намаганні дзеля таго, каб гэтага ніколі не адбылося. Для дзіцячай аўдыторыі проста неабходна захаваць друкаваны варыянт. Дзеці павінны бачыць карцінкі, гартаць старонкі, весці жывы дыялог з кнігай, адчуваць яе.
— Што б Вы пажадалі супрацоўнікам бібліятэк з нагоды свята?
— Нягледзячы ні на што, не страчваць жадання прасоўваць кнігу сярод сваіх чытачоў. Рабіць акцэнт на тым, што чытанне важнае, патрэбнае, што яно ўзбагачае і ў бытавым, і ў духоўным плане.
Галіна Чулец, бібліятэкар:

— Работа з дзецьмі мае свае асаблівасці. Бібліятэка арганізоўвае шматлікія мерапрыемствы для школьнікаў. Супрацоўнічаем і з дзіцячымі садкамі. Мы стараемся зрабіць усе сустрэчы цікавымі для малых наведвальнікаў. Мультымедыйная ўстаноўка дапамагае суправаджаць мерапрыемства яскравымі карцінкамі.
— У канікулярны перыяд, напэўна, таксама бібліятэка не пуставала?
— Так, мы праводзілі конкурс «Лета з добрай кнігай». На працягу двух з паловай месяцаў дзеткі наведвалі розныя мерапрыемствы, чыталі і выконвалі заданні: малявалі «Карту кніжнага лета», здымалі відэаролік «Чатыры мінуты ПраЧытанне», адказвалі на пытанні віктарыны. Пераможцамі конкурсу сталі Калерыя Буланькова, Маргарыта Шастак і Дар’я Варакіна.
Марыя Мікус, вучаніца 4 класа гімназіі:

— Я наведваю бібліятэку мінімум раз на тыдзень. З вялікім задавальненнем удзельнічаю ў мерапрыемствах. Яны заўсёды праходзяць вельмі цікава і на розныя тэмы. На апошнім нам распавядалі пра марожанае і шакалад.
— У цябе ёсць любімая кніга?
— Я ўсе кнігі люблю. Мне падабаецца чытаць творы савецкіх пісьменнікаў. Я параіла б іншым пачытаць Эдуарда Успенскага, у яго класныя страшылкі для дзяцей.
— Ці ведаеш ты, як выглядае Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь?
— Так. У яе вельмі цікавая, незвычайная форма.
— Ты захапляешся чымсьці апроч чытання?
— Я наведваю музычную школу, іграю на баяне.
— Што б ты пажадала супрацоўнікам бібліятэк у іх прафесійнае свята?
— Шчасця, здароўя і каб мага больш людзей наведвала бібліятэку!
Падрыхтавала Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік