Четверг, 10 октября 2024

Наша апытанне да Дня бібліятэк працягваецца. Пра месца кніг у сваім жыцці расказала былы бібліятэкар Лілія Галаўко

380

Нагадваем, што напярэдадні юбілейнай даты — 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, якую, як і Дзень бібліятэк, адзначым 15 верасня, мы пацікавіліся ў наведвальнікаў і работнікаў бібліятэк нашага райцэнтра месцам у іх жыцці кнігі.

Сёння на пытанні карэспандэнта адказвае Лілія Галаўко, пенсіянерка, былы бібліятэкар.

— Я пачала знаёмства з кнігамі, яшчэ не ўмеючы чытаць. З чатырох гадоў мне чытала сястра, а я заўсёды ўважліва слухала. Чытанню навучыла першая настаўніца Валянціна Іванаўна, і з тых часоў я з кнігай не расстаюся. Атрымала адпаведную адукацыю ў Мінску і ўсё жыццё працавала ў бібліятэцы. Дома маю паўтары тысячы кніг, але мне ўсё роўна не хапае: з’яўляюся актыўным чытачом у дзвюх бібліятэках нашага горада. Бібліятэка — гэта мой другі дом, а кнігі — лепшыя настаўнікі, выхавацелі, сябры і суразмоўцы.

— Атрымліваецца, любоў з першага позірку?

— Так. І ўсё дзякуючы творам Пушкіна. Аляксандр Сяргеевіч мне нават два разы сніўся, задаваў пытанне, чаму мне падабаецца яго творчасць.

— Вы з дзяцінства марылі стаць бібліятэкарам?

— Спачатку хацела стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Але аднойчы дырэктар школы патлумачыў, якіх маштабаў адказнасць ты бярэш на сябе, абіраючы настаўніцкі шлях. Памятаю яго словы: «Калі вучань прыйшоў непадрыхтаваным на ўрок, то ты будзеш абавязана паставіць «два». Толькі разумей, што гэтую адзнаку атрымаў не ён, а ты — настаўніца, якая не здолела выканаць сваю асноўную задачу — навучыць». Гэта дырэктар параіў мне стаць бібліятэкарам. Так адбылося, і я ніколі пра гэта не пашкадавала.

— У вас ёсць прыемныя ўспаміны звязаныя з гадамі працы?

— Я працавала 33 гады і кожны з іх узгадваю з вялікай цеплынёй. Больш за ўсё любіла масавую работу, з задавальненнем распрацоўвала сцэнарыі мерапрыемстваў. Быў вопыт чытання вершаў з вялікай сцэны. Яшчэ я запісвалася на радыё, вяла аўтарскія паэтычныя вечары…

— Вы і самі пішаце?

— Так, зараз пішу твор пад назвай «Сіла любові», па аналогіі з кнігай Вольгі Стацэвіч. Яна — пра чалавека, прыроду і каханне. А ўсяго я напісала чатыры кнігі: сярод іх — «І душа з душою размаўляе», у ёй расказваю пра трыццаць святых месцаў, якія з Божай дапамогай наведала сама. Дарэчы, перад пачаткам работы над кнігай я абавязкова бяру блаславенне святара і тады ўжо спакойна прыступаю да працы.

Гутарыла Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік