Вторник, 18 марта 2025

Наша апытанне. Чым парадаваў дачнікаў сёлетні ўраджай?

439

Амаль ва ўсіх сельскіх жыхароў нашай краіны ёсць свае ўласныя ўчасткі, дзе яны штогод вырошчваюць розную агародніну і садавіну. У сваю чаргу, імкнуцца не адставаць ад іх у гэтым плане і гарадскія жыхары, у многіх з якіх ёсць дача, дзе яны праводзяць немалую колькасць часу і аддаюць гэтаму працэсу часцінку сябе, за што ў далейшым атрымліваюць вітаміннае ўзнагароджанне. У сувязі з тым, што ўжо на двары восень і большая частка ўраджаю сабрана, мы вырашылі правесці апытанне жыхароў нашага раёна і даведацца, наколькі пладавітым выдаўся гэты год і якая агародніна парадавала больш за ўсё.

Аляксандр і Святлана Скробаты:

— На ўчастку, які знаходзіцца ў Шчарчове, вырошчваем розныя культуры. У гэтым годзе ўпершыню пасадзілі кавуны і вынік вельмі парадаваў, як колькасцю, так і аб’ёмамі. Сярод ураджаю, які ўрадзіўся сёлета, можна адзначыць памідоры, яблыкі і грушы. Лічым, што за нядрэнным вынікам стаіць умелае ўнясеннне арганічных і мінеральных угнаенняў.

Вера Каверка:

— У вёсцы Слабудка ёсць адразу дзве дачы, дзе і займаемся вырошчваннем рознай агародніны і садавіны. У гэтым годзе выдаўся добры ўраджай усіх культур, якія былі пасаджаны на ўчастку, а такіх нямала — гэта бульбачка, памідоры, цыбуля, перцы, морква і іншыя… Уносім толькі гной, а галоўны ж залог поспеху — гэта пастаянная і ўпартая работа на агародзе.

Алег Строк:

— Мы з жонкай праводзім шмат вольнага часу на ўчастку, які знаходзіцца ў аграгарадку Мурава. Практыкуем вырошчванне рознай агародніны, садавіны і нават кветак. Калі выбіраць, што ўрадзілася сёлета найлепшым чынам, то гэта грушы! Таксама маем нядрэнны ўраджай памідораў, вінаграду і сліў. А вось засмуцілі — агуркі і капуста, якіх сёлета вельмі мала.

Карына Шаманава:

— Сама жыву ў Пружанах, а дача — у вёсцы Кацёлкі. Там знаходзіцца ўчастак, на якім былі пасаджаны розныя культуры. Насамрэч ураджай не выдатны, але і дрэнным яго не назавеш. Больш за ўсё парадавала бульбачка і зеляніна. Вынік, які маем, атрымалі дзякуючы ўнесеным угнаенням і правядзенню на ўчастку вялікай колькасці часу.

Юрый Гадуйка:

— Маем уласны ўчастак у вёсцы Кабылаўка, дзе вырасцілі цудоўны ўраджай гарбузоў і памідораў. Магу адзначыць, што сёлетнія агародніна і садавіна мяне вельмі парадавалі, і сярод іх цяжка вылучыць культуру, якая ўрадзілася горш за ўсё, бо такіх проста няма. Што да вырошчвання рэдкіх відаў, то такі прадстаўнік таксама ёсць — шаўкоўніца, якая прыжылася і адчувае сябе на ўчастку вельмі добра. Што да ўгнаенняў, то, акрамя арганікі, нічога не ўносіцца, а вынік працы залежыць ад яе якасці.

Як мы бачым, сёлетні ўраджай вельмі нядрэнны, што дазваляе і свежымі вітамінамі паласавацца і на зіму нарыхтаваць. А ў вас?

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік