Вось і адзначылі мы адно з самых яркіх і любімых, сямейных святаў — Новы год. Драпежны Тыгр саступае месца міламу Трусу. Хочацца верыць, што і ўвесь 2023-ці будзе мяккім, лагодным, цёплым, багатым на сустрэчы з сябрамі і прыемныя падзеі. Гэтага мы жадаем усім чытачам — тым, хто ў новы год узяў з сабой «Раённыя будні». А чаго жадаюць нашы чытачы газеце, сваім сябрам і жыхарам Пружаншчыны? З такім пытаннем у апошнія дні 2022-га мы выйшлі на вуліцы горада.
Марыя Канстанцінаўна:

— Раённую газету чытала і чытаю заўсёды. Толькі ў ёй такая вялікая колькасць інфармацыі пра жыццё Пружаншчыны. Жадаю жыхарам раёна, каб у новым годзе ўсе былі здаровымі, каб здароўе было і ў кожнага з нас, пенсіянераў. Міра і спакою на зямлі, каб усе людзі жылі ў згодзе. А раённай газеце — больш падпісчыкаў, цікавых тэм для матэрыялаў, і каб у нашым выданні былі толькі добрыя навіны.
Аляксандр Сяргеевіч з унукамі Мацвеем, Міланай і Русалінай:

— Мінулы год быў добрым для мяне, нарэшце ўсё наладзілася з працай. Усім жадаю шчасця, здароўя, усяго самага лепшага ў новым годзе. У яго мы пайшлі разам з «Раённымі буднямі». Колькі сябе памятаю, столькі выпісваем газету. Яна заўсёды ў нашай паштовай скрыні і ў нашым доме. Папулярнасцю карыстаецца і тэлепраграма, якую вы друкуеце, вось толькі хацелася б, каб больш каналаў у ёй было.
Анастасія:

— Працую інжынерам-праграмістам, «раёнку» найчасцей чытаю на інтэрнэт-рэсурсах. Але ж мае бацькі і бабуля выпісваюць друкаваную версію, таму праглядаю і яе. Цікавіць усё, што звязана з маім горадам. Мінулы год быў добрым, але заўсёды хочацца чагосьці лепшага, да гэтага варта імкнуцца. Таму і вам, і ўсім пружанцам хачу пажадаць, каб 2023-ці быў паспяховым. Няхай у кожнага будзе здароўе, у дамах пануе ўтульнасць, цеплыня і няхай будзе ўсё добра!
Дар’я з дзецьмі Мішам і Юляй:

— Пазнаёмілася з газетай, як толькі пераехала ў Пружаны. Сама родам з Кобрына. З «Раённых будняў» заўсёды цікава даведацца пра мясцовыя падзеі, пра людзей, пачытаць пра гісторыю. Год мінулы быў няпростым для мяне і нашай сям’і. Хочацца, каб 2023-ці прынёс спакой — гэта самае галоўнае зараз, а яшчэ каб усе дзеткі былі здаровымі. Жадаю, каб усе жылі дружна, любілі наш чысты і ўтульны горад, не з’язджалі адсюль. У нас добрая інфраструктура, цудоўныя школы і садкі, але як маме трох дзетак хацелася б больш атракцыёнаў і месца, дзе можна пагуляць з сям’ёй.
Яўгеній:

— З раённай газетай знаёмы вельмі даўно. У час, калі працаваў на пошце, нават падпісваў на яе жыхароў раёна і дастаўляў чытачам. Заўсёды выпісваў сам, і гэтай звычцы не здраджваю. Лічу, што газета вельмі запатрабаваная: даведваешся, што адбываецца ў горадзе і вёсках, калі праходзяць прыёмы грамадзян, — а гэта вельмі актуальна.
Дарэчы, бываў я і ў рэдакцыі: прыходзіў, каб папрацаваць з архіўнай падшыўкай. «Раёнцы» хачу параіць новую рубрыку, нешта накшталт «Пытанне з народа», калі б журналісты выходзілі на вуліцу, пыталіся ў чалавека, што яго цікавіць і публікавалі кампетэнтны адказ спецыяліста разам з фота чытача.
Жадаю вашай газеце развіцця, пашырэння, каб цана не кусалася і зніжкі для пенсіянераў заставаліся. Ведаю і пра насценны каляндар, канечне, яго таксама чакаем. Жыхарам Пружанскага раёна і вашаму творчаму калектыву — цярпення, даўгалецця, поспехаў у рабоце. Хочацца, каб кожны беларус працаваў на сваім месцы на карысць краіны.
Валянціна Іванаўна:

— Мы з мамай з задавальненнем выпісваем «раёнку», таму што без яе ніякія навіны пружанскія невядомы, а тут — поўная карцінка. І табе артыкулы пра знаёмых, і гісторыя. Словам, на ўсе выпадкі жыцця. Таму падпісвайцеся на газету, не шкадуйце, тым больш зніжкі якія былі цудоўныя на падпіску. Грошы — гэта ж толькі папера, а колькі мясцовай інфармацыі ў нашай газеце! З Новым годам, жадаю ўсяго добрага, здароўя, цудоўнага настрою, бадзёрасці і, вядома, удачы.
Думкамі цікавіўся Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік