Суббота, 18 января 2025

Наша апытанне: Чаго чакаюць работнікі арганізацый раёна ад рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі?

817

У лютым 2022 года адбудзецца рэферэндум па прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Мы звярнуліся да работнікаў шэрагу арганізацый раёна з пытаннем: што яны чакаюць ад рэферэндуму?

Нэлі Педчанка, дырэктар дзяржаўнай установы «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва»:

— Гэта падзея для нашай краіны мае вялікае значэнне. Я лічу важным захаванне прэзідэнцкай рэспублікі, але пры гэтым змяненні ў Канстытуцыі дапускаюць пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады. Гэта добра, таму што дазволіць узмацніць іх незалежнасць і падкантрольнасць адной ад іншай. Таксама лічу важным, што ў новай Канстытуцыі будзе замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу.

Аляксандр Момлік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама:

— За апошнія гады наша краіна зрабіла вялікі крок наперад у сваім развіцці. І будучыя змены прадыктаваны самім часам. Я чакаю, што новая Канстытуцыя будзе больш сучаснай. Усебеларускі народны сход стаў неад’емнай часткай грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны, таму афіцыйнае замацаванне паўнамоцтваў яшчэ больш павысіць яго значнасць у грамадстве. Выкананне тых функцый, якія атрымае сход, а пра гэта неаднойчы казаў Кіраўнік дзяржавы, дасць магчымасць вырашыць праблемныя пытанні, назапашаныя ў грамадстве.

Зінаіда Усік, намеснік дырэктара ААТ «Жураўлінае» па ідэалагічнай рабоце:

— Я лічу, што змены ў Канстытуцыі наспелі. Гэта патрабаванне часу. Важным з’яўляецца намер пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады. Гэта дазволіць быць ім больш самастойнымі і больш старанна выконваць свае абавязкі. Упэўнена, што абноўлены Асноўны Закон краіны акажа станоўчы ўплыў на ўсе бакі жыцця грамадства і дазволіць дзяржаўным інстытутам больш поўна і якасна выконваць свае функцыі.

Іван Мартынюк, старшыня ППК «Зодчы»:

— Час зараз няпросты, вакол нашай краіны неспакойная сітуацыя. Таму я лічу, што ў нашай дзяржаве павінна быць моцная цэнтралізаваная ўлада. У руках Прэзідэнта трэба засяродзіць усе паўнамоцтвы і рычагі, каб захаваць нашу краіну. У выпадку пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады асноўныя з іх павінны па-ранейшаму застацца ў Кіраўніка дзяржавы.

Меркаваннямі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота з архіва рэдакцыі