Дзень Незалежнасці — знакавая свята для кожнага грамадзяніна краіны, а яшчэ больш для тых, хто носіць пагоны. Хаця многія пагранічнікі сустракаюць гэты дзень у складзе пагранічных дазораў, якія ахоўваюць Дзяржаўную граніцу Беларусі. Адзін з іх — наш зямляк Ягор Чэрнік.

Нарадзіўся ён у аг. Клепачы, а потым з сям’ёй пераехаў у в. Мокрае, дзе скончыў мясцовую сярэднюю школу. Пасля адвучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і вярнуўся на малую радзіму, працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Кляпацкай СШ.
У канцы лістапада 2023 года быў прызваны ў органы пагранічнай службы і патрапіў у Брэсцкую пагрангрупу.
— У першыя дні было крыху нязвыкла, трэба было пераключыцца з цывільнага на армейскае жыццё,— расказвае наш зямляк.— Распарадак дня быў складзены так, што значны час адводзіўся на вучэбны працэс. Фізічныя нагрузкі было лягчэй пераадольваць. Яшчэ тыдні два сумаваў па сям’і, а затым пасябраваў з саслужыўцамі і служба ўвайшла ў належную каляіну.
Пасля заканчэння вучэбнага пункта Ягор працягнуў службу ў манеўранай групе — падраздзяленні, якое прызначана для ўзмацнення аховы граніцы і вядзення спецыяльных дзеянняў. Дзякуючы прыроднай камунікабельнасці, адказнаму стаўленню да задач і добрай падрыхтоўцы хлопец вельмі хутка адаптаваўся ў падраздзяленні.
Штомесячныя выезды на розныя ўчасткі граніцы для яе ўзмацнення сталі звыклай падзеяй. За мінулы час ужо на пяці розных заставах пабываў, на некаторых — не па адным разе. Акрамя таго, двойчы Чэрнік трапіў у палявы выхад, калі на палігоне па некалькіх тыдняў адпрацоўвалі практычныя навыкі па пераадоленні паласы перашкод, маскіроўцы, баявой стральбе і гэтак далей.
За выдатную агнявую падрыхтоўку, якую прадэманстраваў Ягор падчас красавіцкага палявога выхаду, ён быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік пагранічнай службы». А ў маі атрымаў трохсутачнае звальненне, з’ездзіў да сям’і.
— Я — першы ў нашай сям’і, хто апрануў пагранічную форму. 28 мая ўпершыню ў складзе параднага разліку прайшоў па галоўнай вуліцы Брэста. Бацька, Генадзь Уладзіміравіч, заўсёды казаў мне, што чалавек прывыкае да ўсяго. Вось і мне пагранічная служба стала звыклай, з-за чаго вырашыў застацца на кантракт. Цяпер чакаю, калі будуць аформлены дакументы, і ахова граніцы стане ўжо маёй прафесіяй.
Сяргей Дзмітрыеў, афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагрангрупы.
Фота аўтара
