Радасныя навіны прыходзяць з арэн ІІ Гульняў краін СНД. І гаворка зараз не толькі пра адну з лідзіруючых пазіцый нашай краіны ў медальным заліку, але пра золата і серабро земляка!
У нядзелю на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы адбыліся фінальныя спаборніцтвы па штурханні ядра сярод юнакоў. Іх удзельнікамі сталі 9 спартсменаў, якія прадстаўлялі 6 краін.
Па выніках турніру залатую ўзнагароду заваяваў ураджэнец Пружанскага раёна Анатоль Хоміч. Ён адправіў снарад на 18,75 м, апярэдзіўшы ўладальніка сярэбранага медаля больш як на паўтара метра.
Пасля спаборніцтваў Анатоль падзяліўся эмоцыямі. Ён адзначыў, што вынікам не вельмі задаволены, бо планаваў зрабіць кідок на адлегласць больш як 19 метраў. «Уражанні ад спаборніцтваў выдатныя, перадаю прывітанне ўсім сваім родным, блізкім, сябрам», — сказаў спартсмен. Трэба адзначыць, гэта яго першая перамога на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню.
Цёпла сустрэлі навіну пра золата Анатоля Хоміча ў пружанскай СДЮШАР. Як расказалі ва ўстанове, менавіта тут ён рабіў першыя крокі ў спорт высокіх дасягненняў і пад кіраўніцтвам трэнера Яўгена Данцова станавіўся пераможцам раённых і абласных турніраў.
Парадаваліся за былога вучня і ў Шаняўской СШ, дзе Анатоль правучыўся 7 гадоў — да пераводу ў Брэсцкае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву.
Днём пазней Анатоль Хоміч заваяваў яшчэ адзін медаль ІІ Гульняў краін СНД. На гэты раз — сярэбраную ўзнагароду фінальных спаборніцтваў па кіданні дыска сярод юнакоў. Анатоль адправіў дыск на 46,88 м. Лепшым аказаўся толькі расіянін Аляксандр Жукаў, вынік якога — 48,51 м і залаты медаль.
А ў суботу, 5 жніўня, адбылася грандыёзная цырымонія адкрыцця ІІ Гульняў краін СНД.
На «Мінск-Арэне» дзейства сабрала поўную залу. Сярод удзельнікаў была і дэлегацыя горада Пружаны. У яе ўвайшлі таксама спартсмены — работнікі СДЮШАР і ДЮСШ № 2.
Такім чынам, сцяг нашага роднага 590-гадовага горада можна было ўбачыць на такой знакавай для Беларусі падзеі.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Нацыянальнага алімпійскага камітэта і прадстаўлена ДЮСШ № 2 г. Пружаны