Среда, 19 февраля 2025

Наш «Трэці батальён» з СШ № 3 — другі на абласной «Зарніцы»!

314

Прызёрам абласной ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца» стала каманда СШ № 3 г. Пружаны.

Абласны этап гульні сёлета праходзіў на базе 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. На працягу двух дзён за перамогу і права прадставіць вобласць на рэспубліканскай «Зарніцы» змагаліся 16 каманд. Пружаншчыну прадстаўляла каманда «Трэці батальён» з трэцяй гарадской школы — пераможца раённага этапу.

Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было паказаць сябе ў шэрагу конкурсаў. Напрыклад, удзельнічалі яны ў конкурсах па стральбе і зборцы-разборцы аўтамата, пераадольвалі паласу перашкод. Менавіта ў гэтых выпрабаваннях пружанцы сталі лепшымі. Вядома, не абышлося без візітовак і разварочвання санітарнага паста. Нядрэнныя веды прадэманстравалі школьнікі ў квізе «Старонкі гісторыі», творчыя здольнасці паказалі ў аглядзе строю і песні.

Па выніках усіх выпрабаванняў каманда «Трэці батальён» заняла другое месца. Падкрэслім, што пражывалі дзеці на тэрыторыі брыгады, штодзень сутыкаліся з ваеннаслужачымі, а таму мелі магчымасць пазнаёміцца з аснашчэннем, бытам, гісторыяй 38-й асобнай, служыць у якой — ганарова і пачэсна.

Падрыхтавалі каманду СШ №3 г. Пружаны да абласной «Зарніцы» настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Бажко і Міхаіл Аблавушка.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Аляксандра Бажко