На гэтым тыдні дэлегацыя Брэстчыны здзейсніла афіцыйны візіт у правінцыю Шаньсі Кітайскай Народнай Рэспублікі. У рамках яго паўдзельнічалі ў міжнароднай выставе China International Import Expo 2023, што праходзіла ў г. Шанхай. Сваю прадукцыю тут прадставіла і ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
Пяць гадзін часу, амаль 10 тысяч кіламетраў, іншая культура і традыцыі — тое, што падзяляе Пружаны і Шанхай. Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, Кітай даўно стаў надзейным дзелавым партнёрам і сапраўдным сябрам Беларусі. Вось і на VI Міжнароднай выставе імпарту China International Import Expo 2023, якая з 5 па 10 лістапада праходзіла ў адным з найбуйнейшых гарадоў Паднябеснай, шырока былі прадстаўлены беларускія вытворцы, у тым ліку ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
Кітайскі рынак для нашага малочнага камбіната не новы. Паспяхова асвоілі яго, перш за ўсё, дзякуючы сухім малочным прадуктам. Але хто сказаў, што на гэтым трэба спыняцца?
На працягу пяці дзён жыхары і госці Шанхая сярод вялікай разнастайнасці экспануемых тавараў і паслуг маглі знайсці стэнд ад «Шчодрых Пружан». Тут можна было атрымаць асалоду ад беларускіх цвёрдых і плаўленых сыроў вытворчасці Пружанскага малочнага камбіната.
Для супрацоўнікаў прадпрыемства China International Import Expo 2023 не абмяжоўвалася выключна дэманстрацыяй прадукцыі, зробленай у Пружанах. Яны выкарысталі міжнародную падзею як магчымасць наладжвання дзелавых кантактаў з замежнымі партнёрамі. На палях выставы быў падпісаны кантракт аб супрацоўніцтве з кітайскім бокам.
Як расказала «Раённым будням» намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Людміла Туціна прама з Кітая (дзякуй сучасным тэхналогіям), выстава праходзіла вельмі прадуктыўна.
— Мы пачулі масу станоўчых водгукаў аб нашай прадукцыі, асабліва наконт плаўленых сыроў, атрымалі яе ацэнку. Безумоўна, прыемна пачуць яе і ад пружанскіх спажыўцоў, але зрабіць гэта куды прасцей. А вось словы падзякі ад замежных грамадзян, якія ўпершыню каштавалі пружанскі сыр, дарагога вартыя. Акрамя заключэння кантракта, наш малочны камбінат знайшоў сярод кітайскіх вытворцаў патэнцыйных партнёраў. Словам, магчымасць удзелу ў такой выставе мы пастараліся выкарыстаць па максімуме, — расказала Людміла Пятроўна.
У рамках China International Import Expo 2023 у Шанхаі былі арганізаваны і Дні абласцей Беларусі. Першаму рэгіёну быў прысвечаны панядзелак, 6 лістапада. Кіраўніком дэлегацыі Брэстчыны на міжнародным форуме стаў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Быў прадэманстраваны гандлёва-эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны і адукацыйны патэнцыял Брэсцкай вобласці.
Усё гэта вылілася ў шэраг падпісаных дакументаў.
Перш за ўсё, падпісана Пагадненне паміж беларускім і кітайскім бокам па стварэнні Міжнароднага транспартна-экспедыцыйнага цэнтра па электроннай камерцыі. Кітайская кампанія Zhongbai Business Management Co.Ltd цяпер будзе дапамагаць нашай вобласці пры стварэнні Паркаў індустрыі, згодна з мемарандумам паміж ёй і Брэсцкім аблвыканкамам. Яшчэ адна кампанія — цяпер партнёр пры стварэнні Міжнароднага транспартна-экспедыцыйнага цэнтра па электроннай камерцыі.
Адміністрацыя па кіраванні прыбярэжнага парку комплекснай бондавай зоны горада Шэньян падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з СЭЗ «Брэст» і мемарандум аб супрацоўніцтве з Брэсцкім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. А вось Хэбэйскі інстытут міжнароднага бізнесу і эканомікі цяпер атрымаў сябра з Беларусі — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Яшчэ адзін падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы турызму, дзякуючы якому пра культуру Брэстчыны даведаюцца яшчэ больш жыхароў Паднябеснай, датычыцца Брэсцкага аблвыканкама і Беларуска-Кітайскага цэнтра культуры і развіцця Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Наступны дзень, 7 лістапада, для беларускай дэлегацыі ў Кітаі таксама выдаўся насычаным. Прадстаўнікі Брэстчыны наведалі горад Хэфэй. Сімвалічна, што ў дзяржаўнае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — у нашай вобласці, зноў жа, з’явіліся новыя сябры. Так пабрацімамі ў гэты дзень сталі Брэст і, уласна, горад Хэфэй правінцыі Аньхой. Яшчэ адзін пабрацім з’явіўся ў Бярозаўскага раёна — гэта горад Бэнбу, таксама ў згаданай вышэй кітайскай правінцыі.
Магчымасці для абмену вопытам, узаемных стажыровак і не толькі адкрывае заключанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Аньхойскім універсітэтам традыцыйнай кітайскай медыцыны і Брэсцкай абласной клінічнай бальніцай.
Ну, і канечне, замацавалі намечанае бакі падпісаннем двухбаковага плана мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва паміж Брэсцкай вобласцю і правінцыяй Аньхой на 2023–2025 гады.
А куды ж без знакамітай беларускай гасціннасці? І ў дадзеным выпадку гэта не проста крок ветлівасці, а пацвярджэнне сапраўднага сяброўства. Дзмітрый Гарадзецкі пры наведванні заводу HELI зрабіў прапанову кітайскім вытворцам наведаць вобласць і арганізаваць сумесную зборачную вытворчасць у Брэсце. Яшчэ адно запрашэнне, якое, думаецца, абавязкова рэалізуецца для прадстаўнікоў дэлегацыі Аньхою, — наведванне Брэсцкай вобласці.
Сапраўды, сяброўства павінна толькі ўмацоўвацца. Таму ўпэўнены, што прадукцыя вытворцаў Брэстчыны, у тым ліку Пружанскага малочнага камбіната, зойме годнае месца на кітайскім рынку. А беларусы, у сваю чаргу, з радасцю ацэняць прапановы ад кітайскіх партнёраў.
Уладзіслаў Шпарла
Фота прадастаўлена ААТ «Пружанскі малочны камбінат»