Вторник, 21 января 2025

Наш сумесны з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэйд: чаму сумнік па-ранейшаму дадае суму?

344

Здаецца, толькі-толькі перамаглі ў «бітве» з баршчэўнікам, як узнікла новая бяда, імя якой — сумнік канадскі (золотарник). Як расказвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд, яшчэ некалькі гадоў таму гэтая расліна ўсімі ўспрымалася як дэкаратыўная.

— Не было практычна ніводнага населенага пункта, жыхары якога не культывавалі б на сваіх прысядзібных участках сумнік, — кажа Вольга Міхайлаўна. — Пакуль не стала вядома, якую небяспеку тоіць гэтае «залатое ўпрыгажэнне».

Сумнік канадскі належыць да чужароднай інвазіўнай флоры для Рэспублікі Беларусь. І не проста чужароднай, а сапраўды небяспечнай: распаўсюджванне яго стварае пагрозу жыццю або здароўю чалавека. Сумнік канадскі прыгнятае і нават поўнасцю выцясняе з прыродных экасістэм абарыгенныя расліны. Карані яго выпрацоўваюць інгібітары — рэчывы, якія душаць рост навакольнай зелені. Услед за гэтым знікае большасць лугавых насякомых, птушак, дробных драпежнікаў. Такім чынам, займаючы любы ўчастак, сумнік цалкам змяняе яго жывёльны і раслінны свет.

Больш за тое, «расліннае золата» — яшчэ і алергенны агрэсіўны від, кожная каліва выдае больш за 100 000 насення, якое нясе пагрозу здароўю людзей, павышаючы ўзровень захворвання на алергію.

З такой праблемай сутыкнуўся жыхар в. Баяры, куды з чарговам рэйдам наведалася Вольга Міхайлаўна. Пустыр насупраць сядзібы, дзе жыве мужчына, быў поўнасцю заняты сумнікам, і гэта стала прычынай таго, што ў апошнія гады вясковец адчуў праблемы з дыханнем.

— З 2020 года беларускія эколагі вядуць барацьбу з сумнікам, — расказвае начальнік прыроднай інспекцыі. — Пакуль нельга гаварыць пра канкрэтныя вынікі, хаця ёсць некаторыя абставіны, якія прымушаюць засмучацца.

У прыватнасці, з баршчэўнікам, як аказалася, было прасцей. Гэтую смяротна небяспечную расліну ўсе ўладальнікі сядзіб знішчылі, зарослымі засталіся толькі пустыры і ўчасткі, якія не апрацоўваюцца. Паступова, штогод прымаючы спецыяльныя меры, удалося лакалізаваць распаўсюджанне віду, а потым амаль вывесці яго на землях раёна.

З сумнікам усё па-іншаму, у чым мы пераканаліся ў адзін з дзён, праехаўшы разам з Вольгай Дрозд па населеных пунктах раёна.

Больш за дзясятак кропак культывавання гэтай расліны мы заўважылі нават у горадзе і яго ваколіцах. Складаная сітуацыя, па словах Вольгі Дрозд, у Ружанскай, Сухопальскай зонах. І практычна ўсюды сумнік упрыгожвае дагледжаныя клумбы пры дамах. Кустоўе гаспадарліва падвязана, вакол праполата зямля. Такі догляд дае свой станоўчы бок: гаспадары не дадуць расліне распаўсюдзіцца далей, хаця паступова зямля вакол сама спусцее. І пра гэта многія ўладальнікі сядзіб не ведаюць.

— Там, дзе можна вырашаць праблему, як кажуць, глабальна, дзейнічаюць дзяржаўныя органы, прыцягваючы арганізацыі для знішчэння адпаведных зараснікаў, — расказвае Вольга Дрозд. — А з прыватнымі асобамі даводзіцца прымяняць «кропкавую тактыку». Таму большы акцэнт надаецца прафілактычнай рабоце ў фармаце тлумачальных гутарак і распаўсюджванні тэматычных лістовак. У іх расказваецца, што скошваць сумнік недастаткова: ён штогод будзе вырастаць зноў. Трэба знішчыць яго карані, а насенне — спаліць.

Тое, што сітуацыя хутка можа стаць катастрафічнай, мы пераканаліся падчас рэйду. Там, дзе сядзібы засталіся без гаспадарскага нагляду, сумнік літаральна падпіраў агароджу. Такое ж назіралі ў дварах шматпавярховак, жыхары якіх шчыра «гадуюць» уласную небяспеку і прыродную пагрозу сваім дзецям. У прыватнасці, гэта мы бачылі каля пяціпавярховак па вул. 8 Сакавіка. Больш за тое, сустракалі ўвогуле дзіўныя з’явы, як, напрыклад, на вул. Зялёнай, дзе гаспадар аднаго з прыватных дамоў вырасціў з сумніка… жывую агароджу.

Безумоўна, у прыроднай інспекцыі, як і ў іншых дзяржорганаў, нямнога інструментаў для ўздзеяння на ўладальнікаў прыватных сядзіб. Магчыма, удасца з дапамогай прафілактыкі дагрукацца да іх разумення. У іншым выпадку…

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік