Сярэдняя спецыяльная адукацыя з’яўляецца прэстыжнай, актуальнай і запатрабаванай. Шмат гадоў даказваюць гэта навучэнцы і выпускнікі Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Зараз установа адукацыі, якая замацавала за сабой статус аднаго з флагманаў краіны па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых кадраў, прымае абітурыентаў. Тут у самым разгары падача дакументаў.
Сустракаць будучых навучэнцаў у каледжы пачалі яшчэ 20 ліпеня. Менавіта ў першы дзень прыёмнай кампаніі назіраўся сапраўдны ажыятаж. Сёння абітурыенты ў чаргу не выстройваюцца, але іх паток не спыняецца. Прыём дакументаў вядзецца ў галоўным корпусе па Чырвонаармейскай, 11. Камісія працуе з панядзелка па суботу з 9 да 18 гадзін без перапынку на абед.

Варта сказаць, што для зручнасці хлопцаў і дзяўчат, а таксама іх бацькоў паставілі ўказальнікі. На ўваходзе ў корпус — фотазона і вялікі экран з адлюстраваннем маніторынгу падачы дакументаў. Дарэчы, яго можна знайсці і на сайце навучальнай установы college.brest.by, клікнуўшы па банеры «Информация о ходе приёма документов» на галоўнай старонцы. Лічбы абнаўляюцца тройчы на дзень.

За іх праглядам мы якраз заспелі Сямёна Сцепанюка разам з бацькам. Хлопец з Брэсцкага раёна сёлета скончыў 9 класаў. У дзясяты не пайшоў: пабаяўся пагоршыць сярэдні бал.
Сямён прызнаўся, што пакуль не вельмі разбіраецца ў лічбах маніторынгу. Для паступлення выбраў спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці», а пра навучальную ўстанову яму расказаў сябар.

Аднакурснікам Сямёна, магчыма, стане Аляксандр Хітараў з Кобрыншчыны. Падаваць дакументы хлопец прыехаў разам з мамай. Ключавую ролю ў выбары месца вучобы адыгралі водгукі навучэнцаў і сяброў Сашы. Паступае ён, дарэчы, па мэтавым накіраванні з ААТ «Днепра-Бугскае», а гэта значыць, што з будучым месцам працы абітурыент ужо вызначыўся.
Калі ў адной аўдыторыі чакаюць тых, хто хоча стаць тэхнікам-механікам ці электрыкам, то ў іншай — будучых аграномаў і ўпраўленцаў. Загадчыца аддзялення «Аграномія» Марына Дудко расказвае, што сёлета на дзённай форме навучання з’явілася новая спецыяльнасць на базе агульнай базавай адукацыі — «Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе».
— Цікава, што падаюць дакументы на яе ў асноўным дзяўчаты. Пакуль што складваецца амаль цалкам жаночая група, што для нашага каледжа нават крыху нязвыкла. Навучанне будучых арганізатараў вытворчасці (менавіта такую кваліфікацыю атрымаюць выпускнікі) разлічана на 2 гады 10 месяцаў. Па заканчэнні каледжа гэтыя спецыялісты могуць узначальваць фермы, працаваць загадчыкамі складаў і не толькі. А могуць працягнуць вучобу ў ВНУ па скарочанай форме, — расказвае Марына Васільеўна.

Якраз на новую спецыяльнасць вырашыла падаць дакументы Наталля Дабралінская з Брэсцкага раёна. Каб падтрымаць дачку, у каледж прыехалі мама і тата. Дарэчы, абое яны — работнікі ААТ «Чарнаўчыцы». Ірына Мікалаеўна — вагаўшчык, Мікалай Мікалаевіч — зваршчык. Нядзіўна, што Наташа таксама вырашыла звязаць жыццё з аграрнай сферай. Спачатку, праўда, бацькам было крыху незразумела, кім будзе дачка пасля заканчэння каледжа, але члены прыёмнай камісіі ўсё растлумачылі.
Увогуле, аддзяленне «Аграномія» сёлета пайшло на эксперымент: на дзённую форму тут вырашылі набіраць толькі выпускнікоў 9-ых класаў. Што з гэтага атрымаецца і як будзе ў наступным годзе, пакуль гаварыць рана. Задача нумар адзін зараз — выканаць кантрольныя лічбы набору-2022.

Бюджэтных месцаў у каледжы сёлета 200. Найбольшая колькасць — 75, на спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» для выпускнікоў 9-х класаў. Іх жа чакаюць па 25 месцаў на спецыяльнасцях «Аграномія», «Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці» і «Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе». Для тых, хто атрымаў агульную сярэднюю адукацыю, падрыхтавалі 50 бюджэтных месцаў: адна палова — для тэхнікаў-механікаў, другая — для тэхнікаў-электрыкаў.

Па словах дырэктара каледжа Станіслава Козела, профіль працаўладкавання выпускнікоў у апошнія гады значна пашырыўся. Гэта не толькі сельгасарганізацыі, але нават заводы МАЗ і МТЗ. Таму, адвучыўшыся ў Пружанах, паехаць на работу ў сталіцу — цалкам рэальна.
Час падаць дакументы ў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж яшчэ ёсць!
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Бураўкіна нагадала пра тэрміны. Дакументы ад выпускнікоў 9-х класаў, якія жадаюць паступіць на бюджэтную форму адукацыі, прымаюць тут па 3 жніўня ўключна, на платную — па 14 жніўня. Ад тых, хто скончыў 11 класаў — па 12 і 17 жніўня адпаведна.
— Раім абітурыентам паспяшацца і ўлічыць той момант, што дзеці са шматдзетных сем’яў маюць перавагу ў паступленні, — кажа Ірына Іванаўна. — Асобны конкурс таксама для тых, хто паступае па мэтавым накіраванні. Толькі ведайце, што ў гэтым выпадку пасля заканчэння каледжа трэба будзе адпрацаваць не менш за тры гады. Сам жа конкурс сярод абітурыентаў выбудоўваецца па сярэднім бале дакумента аб адукацыі. Паверце, мы вельмі чакаем новых навучэнцаў і робім усё, каб яны ў будучым сталі прафесіяналамі. Запрашаем на вучобу!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара