Пад выразам «салодкае жыццё» кожны з беларусаў можа мець на ўвазе сваё, асабістае. Але наўрад ці сярод нас знойдзецца той, хто не ўжывае ў ежу цукар, які з’яўляецца ідэальнай крыніцай энергіі і неабходны для нармальнай работы мозга, мышцаў. А каб не пераводзіўся салодкі прадукт на нашых сталах, у гэтыя дні аграрыі Беларусі шчыруюць на палетках з цукровымі буракамі.

Сёлета ў цэлым па краіне плануецца сабраць 5 мільёнаў тон салодкіх караняплодаў, для гэтага ў 2023 годзе павялічылі плошчы пад цукровыя буракі больш чым на 8000 га. Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі сярод краін, якія экспартуюць цукар. З кожнай тоны мы атрымліваем прыбытак у 165 долараў ЗША.

У Пружанскім раёне салодкія караняплоды патрэбна ўбраць на плошчы ў 1300 га. Першым у панядзелак бягучага тыдня да ўборкі прыступіла ААТ «Велікасельскае Агра», дзе план па ўборцы цукровых буракоў складае 350 га, таксама як і ў ААТ «Агра-Калядзічы» і «Шані-аграпрадукт» (у ААТ «Мурава» адпаведна — 250 га). Вось вам і нагода, каб наведацца ў гаспадарку, якая дала старт адгрузцы караняплодаў на Жабінкаўскі цукровы завод.

На палетку каля вёскі Бакуны-2 карэспандэнты «раёнкі» пагутарылі з галоўным аграномам сельгаставарыства Сяргеем Капіцай.

Як паведаміў Сяргей Іванавіч, ураджайнасць пакуль складае 521 ц/га, што значна менш за мінулагоднюю (была 667 ц/га). На круг чакаюць, па словах галоўнага агранома, прыкладна 550 ц/га. Пры гэтым тэхналагічныя рэгламенты вырошчвання культуры (гербіцыдныя апрацоўкі супраць пустазелля, пазакаранёвыя падкормкі мікраэлементамі) былі выкананы, як і штогод, у поўным аб’ёме. І толькі адсутнасць дажджу ў жніўні-верасні не дазваляе сабраць больш значны ўраджай.

За дзень удаецца выкапаць буракі на 11-14 га, што ў вазе складае 500-650 тон. Гэта толькі пачатак уборкі салодкіх караняплодаў, пакуль ААТ «Велікасельскае Агра» адразу ж адгружае ўвесь ураджай на цукровы завод у Жабінцы. На дадзенай рабоце задзейнічаны як вадзіцелі сельгаставарыства, так і прыватнікі, нанятыя самім перапрацоўчым прадпрыемствам. У наступным, каб не ствараліся чэргі і людзі не гублялі каштоўны час падчас уборкі, у вобласці будзе распрацаваны графік пастаўкі караняплодаў на цукровы завод.
Вырошчваннем цукровых буракоў у ААТ «Велікасельскае Агра» плануюць займацца і ў далейшым. Нягледзячы на вось такія не зусім спрыяльныя гады, рэнтабельнасць культуры гаспадарку задавальняе. Сельгаставарыства забяспечана неабходнай тэхнікай, пачынаючы ад сяўбы, заканчваючы ўборкай. І на ўзроўні ўрада надаецца пільная ўвага культуры, у гэтым годзе закупачныя цэны павялічыліся на 20%.
Вадзім Раўнейка