Ва ўсіх адукацыйных установах ідзе актыўная падрыхтоўка да навучальнага года. У кагосьці гэта невялікія работы, а ў некаторых і буйны рамонт.
У нашай краіне надаецца вялікая ўвага як самаму навучальнаму працэсу, так і падрыхтоўцы да яго. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адзначаў важнасць гэтага складніка і акцэнтаваў на ім асаблівую ўвагу, што невыпадкова і цалкам абгрунтавана, бо якія ўмовы для атрымання ведаў будуць прадастаўлены, з такім жаданнем і будуць наведваць установы адукацыі нашы дзеці, якія з’яўляюцца будучыняй краіны. У сувязі з усім вышэйсказаным мы таксама вырашылі паглядзець, як ідзе падрыхтоўка да навучальнага года ва ўстановах адукацыі нашага раёна. І вось што з гэтага атрымалася…
ДУА «Дзіцячы сад № 4 г. Пружаны»

У адпаведнасці з актам візуальнага агляду Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у якім было ўказана, што ў памяшканне харчблока дзіцячага сада № 4 адзначаецца парушэнні аддзелкі сцен, столі і пакрыцця падлогі, было вырашана правесці рамонтныя работы. Падставай для правядзення рамонту з’яўляецца і год увядзення будынка ў эксплуатацыю. Харчблок быў пабудаваны яшчэ ў далёкім 1967 годзе, таму яго ўнутраная і знешняя канструкцыя ўжо патрабавала аднаўлення. Сёлета на рамонт дзіцячай установе былі выдзелены грашовыя сродкі з раённага бюджэту. Самі ж работы пачаліся яшчэ першага чэрвеня бягучага года і планаваліся да завяршэння 31 ліпеня. Калі мы наведалі дадзеную ўстанову адукацыі ў канцы ліпеня — работы ўжо знаходзіліся на завяршальнай стадыі (на момант выхаду газеты рамонт скончаны). За два месяцы харчблок прыняў новы выгляд. У памяшканні былі заменены дзверы і вокны, пакладзена новая плітка, заменены вытворчыя сталы і стэлажы. Былі абноўлены прыступкі, а ўнутраная і вонкавая частка харчблока набыла прыгожы выгляд. Таксама варта адзначыць, што ў памяшканні з’явілася мноства новага абсталявання, сярод якога маразільная камера, халадзільнік, працірачная машына, электрамясарубка, электрапліта, электракіпяцільнік і параканвектамат.

Заказчыкам работ выступіў ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна», а выканаўцам — ААТ «Рамбуд» г. Пружаны, субпадрадчыкам якіх з’яўляўся ТАА «Б’юці-ПраймПлюс».
Сваімі чаканнямі ад абноўленага харчблока падзялілася загадчыца ДУА «Дзіцячы сад № 4 г. Пружаны» Людміла Велясюк:
— Арганізацыя правільнага і здаровага харчавання дзяцей — адна з найважнейшых задач устаноў адукацыі. Мы вельмі рады, што ў нашай установе зроблены рамонт харчблока, заменена тэхналагічнае абсталяванне, устаноўлены новыя вокны і дзверы. Набыты параканвектамат дазволіць захаваць ежу для нашых выхаванцаў карыснай і смачнай. Безумоўна, у лепшы бок зменяцца ўмовы працы работнікаў харчблока. Выказваю падзяку ААТ «Рамбуд» г. Пружаны за якасную і праведзеную ў тэрмін работу. Дзякуй і бацькам, дзеці якіх наведваюць наш садок, за разуменне сітуацыі, якая склалася.
ДУА «Шчарчоўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»

Сёлета рамонтныя работы вядуцца і ў Шчарчове. Згодна з дзеючымі будаўнічымі нормамі, праводзяцца рамонтныя работы будынка школы і дзіцячага сада. У дзіцячай установе поўным ходам ідуць работы па дэмантажы бетоннай дарожкі. Тут на адной частцы ўкладваецца новы асфальт, а іншую будзе ўпрыгожваць тратуарная плітка. Таксама на тэрыторыі садка будуць праведзены работы па дэмантажы бетоннай адмосткі. Што тычыцца рамонту на тэрыторыі школы, то ён непасрэдна звязаны з ганкам будынка. Тут ідуць работы па замене пліткі на прыступках, арміраванні і афарбоўцы фасада школы. Сам жа рамонт робіцца за кошт сродкаў, выдзеленых з раённага бюджэту. Заказчыкам выступае ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна», а выканаўцам з’яўляецца ІП Каляда В.А. Згодна з заключаным дагаворам, рамонтныя работы пачаліся 1 ліпеня, а па плане павінны завяршыцца 9 жніўня. У дадзены момант рамонт ідзе адпаведна графіку і да назначанага часу ўсе мерапрыемствы павінны быць выкананы.

Наконт рамонту даў свой каментарый кіраўнік ДУА «Шчарчоўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Дзяніс Цямчык:
— У першую чаргу дадзеныя работы накіраваны на павышэнне бяспекі навучэнцаў установы, бо няроўнасці пешаходнай дарожкі і пліткі на тэрыторыях школы і садка маглі стаць патэнцыйным месцам для атрымання мікратраўм. Пасля рамонту наша ўстанова адукацыі будзе выглядаць свежай і абноўленай, дзякуючы чаму навучэнцам будзе больш прыемна прыходзіць і набываць новыя веды.
ДУА «Варанілавіцкая сярэдняя школа Пружанскага раёна»
Яшчэ адным аб’ектам установы адукацыі, дзе вядзецца маштабны рамонт, стаў дзіцячы садок, які размяшчаецца ў сценах Варанілавіцкай школы. Тут усе работы плануецца правесці толькі ўнутры будынка. Падставай для рамонту паслужыла прадпісанне супрацоўнікаў Пружанскага РАНС, якія адзначылі неабходнасць у правядзенні рэканструкцыі памяшкання для размяшчэння дзяцей дашкольнага ўзросту ў сувязі з захаваннем патрабаванняў пажарнай бяспекі. Крыніцай фінансавання таксама з’яўляюцца сродкі раённага бюджэту. Заказчыкам выступае «УКБ Пружанскага раёна», а пачатыя неабходныя рамонтныя работы ў другой палове ліпеня плануецца завяршыць 20 жніўня.

Што тычыцца саміх работ, то ў памяшканні дзіцячага садка будуць зроблены новыя дзвярныя праёмы, у якіх размесцяцца сучасныя дзверы. У двух пакоях вядзецца замена пакрыцця падлогі, тут будзе ляжаць новы лінолеум, а ў калідоры пакладзена новая плітка.
Чаканнямі ад рамонту падзялілася дырэктар ДУА «Варанілавіцкая сярэдняя школа Пружанскага раёна» Святлана Бурвіна:
— Чакаем, што дадзеныя рамонтныя работы зробяць нашу ўстанову яшчэ прыгажэйшай і больш камфортнай як для дзяцей, так і для работнікаў садка. Вядома, галоўнай мэтай абнаўлення з’яўляецца бяспека. Менавіта таму рамонт неабходна было правесці ўжо сёлета. Хочацца ўжо хутчэй убачыць вынік і шчаслівых дзетак, якіх сустрэнуць абноўленыя сцены нашага садка.
ДУА «Ліноўская сярэдняя школа»
Фінальным аб’ектам нашага рэпартажу стала ДУА «Ліноўская сярэдняя школа», якая сёлета адзначыла 100-гадовы юбілей. Сёння тут ідуць па-сапраўднаму глабальныя работы. Пасля рамонту памяняецца выгляд не толькі ўнутры школы, але і звонку. Работы былі намечаны згодна з праектам мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Заказчыкам дадзенага рамонту з’яўляецца «УКБ Пружанскага раёна», а выканаўцам — ААТ «Рамбуд» г. Пружаны.

Хоць тэрмін здачы ўсіх аб’ектаў — 14 жніўня, работы па кожным з іх былі пачаты ў розны час. Што тычыцца рамонту ў будынку школы, то ён пачаўся яшчэ ў чэрвені, а вось на стадыёне — бліжэй да сярэдзіны ліпеня.
— Да 14 жніўня павінен быць завершаны рамонт унутры школы. Што да работ на стадыёне — хутчэй за ўсё яны будуць выкананы ў 20-х чыслах жніўня, — падкрэсліла дырэктар ДУА «Ліноўская сярэдняя школа» Алена Макарэвіч.

Сёлета ў Ліноўскай школе вядуцца работы не толькі на стадыёне, але і ў спартыўнай зале. Ідзе рамонт і ў кабінеце хіміі, дзе будуць устаноўлены новыя шафы і з‘явіцца сучасная столь. Не застанецца кабінет без воданагравальніка і новай сістэмы асвятлення, усё па сучасных стандартах. Абновіцца газон на стадыёне, а бегавыя дарожкі набудуць штучнае пакрыццё. Рамонтныя работы будуць праведзены і на пляцоўках для гульні ў валейбол і баскетбол. На стадыёне з’явіцца сучасная пляцоўка для заняцця варкаўтам. Знойдзецца месца і пляцоўцы для вывучэння Правіл дарожнага руху. А ўсе гэтыя цудоўныя аб’екты па перыметры будзе акружаць новая агароджа.
Пакуль рамонт у самым разгары, усе ўжо мараць хутчэй убачыць змены ўнутры ўстановы і абноўленую школьную тэрыторыю.

Сваімі чаканнямі падзялілася і дырэктар установы Алена Макарэвіч:
— Мноства навучэнцаў нашай школы пасля заняткаў, а таксама падчас канікулаў знаходзяцца на стадыёне, таму такія пераўтварэнні будуць прыемныя і для кіраўніцтва школы, і для нашых вучняў. Больш таго, гэты стадыён карыстаецца папулярнасцю і ў вясковай моладзі. Безумоўна, пасля рэканструкцыі ён будзе яшчэ больш папулярны, а яго трэнажоры і пляцоўкі будуць задзейнічаны яшчэ часцей. Што да ўнутранага рамонту, то ён дапаможа праводзіць школьныя заняткі на сучасным узроўні. Чакаем, калі ўсе работы завершацца, а нашы вучні вернуцца пасля летніх канікулаў.
Засталося менш за месяц да таго, як ва ўстановах адукацыі зноў стане шумна ад дзіцячых галасоў. Таму будаўнікам варта паспяшацца, каб і ў настаўнікаў быў час падрыхтавацца да ўрачыстай сустрэчы са сваімі вучнямі. Будзем спадзявацца, што ўсе рамонтныя работы будуць завершаны ў неабходны тэрмін і прынясуць патрэбны эфект.
Рэпартаж падрыхтаваў Руслан Басак. Фота аўтара