Вторник, 14 января 2025

Наш рэпартаж. Як ідзе жніво-2024 у «Велікасельскім Агра» і хто ўжо вызначыўся на ім

449

Чарговы прыпынак для ўзнагароджання — ААТ «Велікасельскае Агра». Гаспадарка, якая з года ў год радуе сваімі ўраджаямі падчас уборкі, як вынік, і пераможцамі на жніве. Зразумела, калі ёсць што збіраць, то і жаданне працаваць не знікае, а наадварот — стараюцца працаўнікі паказаць яшчэ лепшы вынік, не ўпускаюць ні мінуты ў гэтыя сапраўды гарачыя дзянькі.

Дык каго ж віншавалі і каму ўручалі падарункі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова і старшыня галіновай арганізацыі гаспадаркі Мікалай Ляўчук? Гэта экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі і камбайнера Віталя Ходака (на здымку злева) і вадзіцель Віктар Янушкевіч (на здымку ўверсе).

З апошнім мы сустрэліся на рапсавым палетку каля в. Бакуны (Велікасельскія). Віктар Янушкевіч пастаянна працуе ў сельгаставарыстве з 2020 года, як толькі вярнуўся з арміі. Ён заняў першае месца ў гаспадарцы сярод маладых вадзіцеляў, перавёзшы 1000 тон новага ўраджаю.

Адкуль жа бяруцца такія юнакі, што не баяцца працы на зямлі, гатовы ёй прысвяціць жыццё ў наш час?

Віктар Янушкевіч нарадзіўся і вырас у Вялікім Сяле, таму расказваць яму пра тое, што ўяўляе сабой сялянская работа, не трэба. На свае вочы ўсё бачыў. Пасля школы свядома абраў для сябе працоўны шлях — паступіў у Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, адкуль выйшаў кваліфікаваным тэхнікам-механікам. Адукацыя нікому не перашкодзіла, таму зусім нядаўна завочна скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Інжынер-механік».

І з ААТ «Велікасельскае Агра» быў знаёмы не па чутках. Яшчэ падчас абавязковай адпрацоўкі пасля каледжа працаваў камбайнерам на жніве. І праявіў сябе адказным і сумленным работнікам, які не проста адбывае гадзіны і мінуты на працы, а клапоціцца пра дабрабыт і гаспадаркі, і, канечне, свой. Таму ўжо трапляў на старонкі нашай «раёнкі», карэспандэнты якой заўсёды гатовы напісаць пра людзей працавітых, шчырых.

І нічога дзіўнага няма ў тым, што, маючы за плячыма вышэйшую навучальную ўстанову, Віктар Янушкевіч працуе вадзіцелем. Масква не адразу будавалася, дый вопыту набрацца не перашкодзіць. Ведаць сваю прафесію знутры таксама вялікага каштуе. І тут заўсёды гатовы дапамагчы бацька Уладзімір Лявонцьевіч. Ён у гаспадарцы ўжо многа гадоў круціць абаранку аўтамабіля і сам неаднаразова займаў прызавыя месцы на жніве як у родным сельгаставарыстве, так і ў раёне. А яшчэ родны чалавек аказаў немалы ўплыў на выбар прафесіі сына, так сказаць, прывязаў да роднай зямлі, паказаў прыдатнае месца для жыцця, скіраваў на правільны працоўны шлях і… перадаў, быццам у спадчыну, грузавы МАЗ, бо атрымаў новы.

Здаецца, учора былі маладымі. Гэта пра экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі і камбайнера Віталя Ходака, які першым у раёне намалаціў 2000 тон зерня. На мінулай уборцы Аляксандр праўда, з камбайнерам Цімафеем Мелешам неаднаразова прымервалі стужкі пераможцаў як маладзёжны экіпаж. Нагадаем, тады першымі намалацілі 1000 тон у Брэсцкай вобласці. Час ідзе, і вось ужо хлопцы сярод, так сказаць, дарослай мужчынскай кампаніі. Але не разгубіліся і праявілі сябе. Так трымаць і далей, няхай ваш камбайн «Lexion 750» і надалей спраўна працуе і памнажае агульную зерневую скарбонку краіны!

Класці сказы на паперу куды лягчэй, чым у +30 і вышэй градусаў працаваць у полі: жаць, адвозіць, круціць рулоны і г.д. Але хоць добрым словам хочацца падтрымаць тых, хто, не ведаючы стомы, шчыруе дзеля нас, беларусаў, каб мелі мы хлеб і да хлеба. Дзякуй вам велізарны!

Між іншым, на 23 ліпеня 2024 года хлебаробы Пружаншчыны ўбралі збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) на 17796 га — 56% да плана. Намалочана 75541 тон зерня. Ураджайнасць — 42,4 ц/га (на гэтую дату ў мінулым годзе — 43,8 ц/га).

Вадзім Раўнейка