Воскресенье, 1 октября 2023

Наш рэпартаж: узаемаправеркі падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ прайшлі ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі», «Агра-Калядзічах» і «Пружанскім»

632

У сельскай гаспадарцы без праблем не абходзіцца ні адзін дзень. Гэта не значыць, што людзі не працуюць на вынік, не бачаць перспектывы на будучае. Любое сельгаставарыства — складанае і шматпрофільнае прадпрыемства, работа якога залежыць не толькі ад чалавечага фактару, але ў многім ад пагодных умоў. Каб пазбегнуць адмоўных вынікаў, часам трэба сабрацца разам і абмеркаваць бягучую сітуацыю, знайсці правільнае выйсце. Вельмі актуальны такі метад работы цяпер, калі вось-вось пачнецца закладка будучага ўраджаю. У такім ракурсе днямі прайшлі і ўзаемныя праверкі падрыхтоўкі да сёлетніх вясенне-палявых работ ва ўсіх гаспадарках раёна. Карэспандэнты «раёнкі» папрысутнічалі на мерапрыемстве, якое было арганізавана ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі», ААТ «Агра-Калядзічы» і «Пружанскае».

У праверцы, якая пачалася на базе філіяла «Айчына», прынялі ўдзел начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Шаркова, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Ткачук, вядучы аграхімік па Пружанскім раёне Юрый Ташпулатаў, кіраўнікі вышэйназваных гаспадарак са сваімі галоўнымі інжынерамі і аграномамі.

Спачатку ўсе сабраліся ў адміністрацыйным будынку на машынным двары філіяла «Айчына» ў аг. Кабылаўка. Работу гэтага блока мерапрыемства распачала Таццяна Аляксандраўна. Яна адзначыла, што своечасовая падрыхтоўка тэхнікі да вясенняй пасяўной кампаніі — гэта заклад будучага ўраджаю. Канечне, зачын быў зроблены яшчэ восенню: пасеяны азімыя збожжавыя, уносілася арганіка. Але ад таго клопатаў на вясну не стала менш, і цяпер надыходзіць час паказаць зладжаную і шчырую работу, якой і славяцца аграрыі нашага раёна.

Дырэктар філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Андрэй Голдзінаў расказаў, што на сённяшні дзень усе энерганасычаныя трактары адрамантаваныя, гэта датычыцца рухавікоў, гідраўлікі і іншых важных механічных вузлоў. Было набыта два навясныя апырсквальнікі, у пачатку красавіка ў таварыстве з’явіцца яшчэ і самаходны апырсквальнік «Раса». Так што падкормка сельгаскультур будзе праведзена своечасова і якасна. Для апрацоўкі глебы ёсць два шыроказахопліваючыя культыватары, мяркуецца купіць яшчэ адзін. Гэтага дастаткова, каб правесці перадпасяўную апрацоўку глебы, выраўноўванне і рыхленне, знішчыць пустазелле.

Што да арганікі, то толькі пад кукурузу таварыству патрэбна ўнесці 85 тысяч тон, пад яравую сяўбу план у 130 тысяч тон, яго перавыканалі — 123 % (160 тысяч тон). Праведзена асноўная апрацоўка глебы на 4055 га (75 % да плана). Падкармілі рапс сульфатам, унеслі мінеральныя ўгнаенні на азімыя збожжавыя. Сёлета трэба падняць 1600 га зябліва. Калі гаварыць пра забяспечанасць насенным матэрыялам, то гаспадарка выйшла на 100 %.

Да слова, з 1 лютага ў філіяле «Айчына» на 13-16 % паднялі заработную плату тым механізатарам, якія задзейнічаны на падняцці зябліва, унясенні мінеральных угнаенняў.

Галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Цімановіч давёў да ведама прысутных інфармацыю аб плошчах, адведзеных сёлета пад сельгаскультуры. Што да накаплення мінеральных угнаенняў, то ў філіяле гэты паказчык невысокі, але справа ў тым, што адразу закупіць належную колькасць даволі складана, бо наяўныя грашовыя сродкі размяркоўваюцца і на іншыя патрэбы гаспадаркі. Плануецца правесці 4 падкормкі рапсу і 3 — збожжавых. Удзяляецца ўвага і другому хлебу беларусаў, праводзіцца сортаабнаўленне бульбы.

Прадстаўнікі ААТ «Агра-Калядзічы» і «Пружанскае» таксама расказалі пра падрыхтоўку да чарговых вясенне-палявых работ у сваіх гаспадарках. Ва ўсіх таварыствах праведзены сходы з механізатарамі па аплаце і ахове працы, нарміраванні рабочага дня. Падчас вясенне-палявых работ гэтыя працаўнікі будуць забяспечаны гарачым харчаваннем.

Падчас размовы ўздымаліся і праблемныя пытанні. Адным з іх з’яўляецца выхад з рэчышчаў ракі Ясельда і меліярацыйных каналаў, што прывяло да значнага падтаплення сельгасугоддзяў. А з-за гэтага пакуль немагчыма ў поўным аб’ёме правесці тую ж падкормку шматгадовых траў. ДУВП «Пружанскае ПМС» трымае на кантролі гэтае пытанне, распрацаваны план на пяцігодку, падчас выканання якога будуць праводзіцца работы па абароне сельскагаспадарчых зямель ад непажаданай паводкі. Начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Шаркова папрасіла звярнуць увагу на захоўванне мінеральных угнаенняў, бо адна справа іх закупіць, выдаткаваўшы немалыя грашовыя сродкі, а другая — па-гаспадарску размясціць на крытых складах.

Галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктара Ткачука цікавіла ўкамплектаванасць таварыстваў механізатарамі. Што ж, праблема ў апошні час не збаўляе сваёй злабадзённасці, бо, сапраўды, жадаючых працаваць на зямлі з кожным годам не прыбаўляецца. А калі і прыходзяць маладыя людзі працаваць на трактары, то з умовай: заработная плата не менш за 2000 рублёў і пяцідзённы рабочы тыдзень. А як жа пасяўная, спадары? Няўжо яна пачакае, а надвор’е пад вас падладзіцца? Гэта праца на зямлі, і яна ніяк не прымае выхадных. Гэта адвечная ісціна.

Падымалася пытанне і забяспечанасці механізатараў спецадзеннем, сродкамі абароны. Тут гаспадаркі поўнасцю ўкамплектаваны ўсім патрэбным. Віктар Уладзіміравіч папрасіў кіраўнікоў сельгаставарыстваў трымаць на кантролі забеспячэнне гаспадарак падчас сяўбы гаруча-змазачнымі матэрыяламі, каб не ўзнікала непажаданых прастояў тэхнікі.

Вядучы аграхімік па Пружанскім раёне Юрый Ташпулатаў цікавіўся вапнаваннем сельскагаспадарчых плошчаў, валодаючы інфармацыяй пра тое, што ў нашым раёне з кожным годам кіслых глеб становіцца ўсё больш. А гэта, у сваю чаргу, не зусім станоўча ўплывае і на будучыя ўраджаі.

Пасля надышла чарга непасрэдна для праверкі гатоўнасці тэхнікі да вясенне-палявых работ. Быў зроблены агляд энерганасычаных трактароў, сеялак, культыватараў, дыскавых барон. У філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» ўсё прыведзена ў належны парадак і чакае свайго часу. Застаецца ў чарговы раз пажадаць нашым земляробам цярпення, прыдатнага надвор’я і веры ў свае сілы.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік