Четверг, 5 декабря 2024

Наш рэйд: што кажуць веласіпедысты Пружан пра новаўвядзенні ў ПДР

609

Напрыканцы мінулага года ўступіў у дзеянне пункт 151 Правілаў дарожнага руху, згодна з якім веласіпедыстам дазваляецца пераязджаць (а не пераходзіць) пешаходныя пераходы. Гэта новаўвядзенне выклікала ўсплеск эмоцый з боку аўтааматараў, і як атрымалася, нездарма. Справа ў тым, што ў гэтым пункце гаворыцца, што «пры пад’ездзе да перасячэнння з праезнай часткай дарогі веласіпедыст павінен загадзя знізіць хуткасць руху і, пераканаўшыся, што выезд бяспечны, перасякаць з хуткасцю ідучага пешахода».

Вось гэта акалічнасць і засталася незаўважанай многімі. З-за чаго з пачатку бягучага года адзначаецца істотны рост дарожна-транспартных здарэнняў на пешаходных пераходах з удзелам веласіпедыстаў. Кіроўцы двухколавага транспарту настолькі рэзка выязджаюць на «зебру», што вадзіцелі аўто проста не паспяваюць зрэагаваць. Падобныя сітуацыі даволі часта ўзнікаюць і на вуліцах нашага райцэнтра, пра што паведамляюць чытачы «раёнкі». Найбольш «праблемным» з’яўляецца ўчастак вуліцы Савецкай у цэнтры горада з-за насычанасці транспарту ўсіх відаў. Веласіпедысты перакананы, што цяпер можна смела пераязджаць нерэгулюемыя пешаходныя пераходы, і літаральна «кідаюцца» пад колы аўто. Пры гэтым, як расказвае начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Сяргей Мышкевіч, вадзіцелю будзе вельмі складана даказаць сваю невінаватасць. У чым мы пераканаліся падчас правядзення прафілактычнай акцыі на вышэйназваным участку. Разам з супрацоўнікамі ДАІ Ільёй Стасевічам і Вадзімам Іванчанкам (на здымку) мы паразмаўлялі з веласіпедыстамі. І атрымалі даволі слушныя заўвагі.

У прыватнасці, некаторыя кіроўцы двухколавага транспарту так і не зразумелі, навошта было ўводзіць у Правілы дарожнага руху гэты пункт.

— У чым розніца паміж «пераязджаць з хуткасцю пешахода» і «пераходзіць, трымаючы веласіпед у руках»? — выказаў свае думкі жыхар горада. — Больш за тое, у руках пераводзіць больш бяспечна, чым ехаць так павольна. Справа ў тым, што веласіпед набірае ўстойлівасць толькі з ростам хуткасці. І справядліва адваротнае: калі хуткасць меншае, веласіпед можа ўпасці. І як старым рухацца ціха ды яшчэ манеўраваць?

Не менш складанасцей узнікае і для саміх супрацоўнікаў ДАІ. Тычацца яны тэхнічных акалічнасцяў. Напрыклад, веласіпеды, якія вырабляюць айчынныя вытворцы або якія завозяць з-за мяжы, увогуле не маюць спідометра. І якім чынам кіроўцам двухколавага транспарту вызначыць уласную хуткасць? «На вока»? Наўрад ці падчас сутыкнення ў пратаколе можна будзе запісаць настолькі нявызначаныя абставіны. Больш за тое, з улікам гэтых акалічнасцяў практычна любога веласіпедыста за невыкананне аднаго з патрабаванняў п. 151 ПДР можна прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 18.20 КоАП Рэспублікі Беларусь са штрафам да 3 б. в. А пры стварэнні аварыйнай сітуацыі — да 8 б. в.

У дадзенай сітуацыі, на нашу думку, ёсць адзінае выйсце: веласіпедыстам не зважаць на п. 151 ПДР і пераходзіць «зебру» па былым алгарытме, словам, трымаючы транспартны сродак у руках. Спяшацца на дарозе не трэба, тым больш, што можна не толькі самому пацярпець, але і нашкодзіць таму, хто сядзіць за рулём машыны.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік