Понедельник, 2 октября 2023

Наш рэйд: ці стараюцца адпачывальнікі захаваць створаную на пляжах інфраструктуру

247

Нягледзячы на тое, што каляндар паказвае на канец лета і варта ўжо чакаць першага подыху восені, сонца на мінулым тыдні пякло так, нібыта мы знаходзімся на адной шыраце з турэцкімі курортамі. У выніку на вадаёмах раёна, дзе створаны адпаведныя зоны адпачынку, ставіліся рэкорды па наведванні. У прыватнасці, па самых сціплых падліках толькі за мінулыя выхадныя на возеры Паперня пабывала амаль тысяча адпачывальнікаў. На гарадскім вадасховішчы, якое цяпер прынята называць возерам Лебядзіным, амаль столькі ж. Увогуле, за купальны сезон загаралі на пляжах або купаліся ў адведзеных акваторыях дзясяткі тысяч чалавек.

Таму не здзіўляе той узровень падрыхтоўкі, якую праводзяць замацаваныя за вадаёмамі арганізацыі напярэдадні купальнага сезона. Пра гэта мы расказвалі яшчэ на пачатку лета. А зараз нас цікавіла, як самі адпачывальнікі ставяцца да захавання той інфраструктуры, што была створана на берагах азёр для зручнасці і камфорту людзей. З такой мэтай на мінулым тыдні мы разам са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком праехаліся па некаторых вадаёмах раёна.

Парадак і непарадак


Калі ў папярэднія гады мы неаднаразова звярталі ўвагу на паламаныя лаўкі і альтанкі, там-сям плямы ад вогнішчаў, якія засталіся ад «аматараў шашлыкоў», горы смецця, аўтамабільныя сляды на пяску, то сёлета такога не ўбачылі. Магчыма, усё-такі палепшылася культура паводзін асобных прадстаўнікоў нашага грамадства, а можа (што больш блізка да праўды), узмацніўся кантроль з боку адказных арганізацый. Некалькі гадоў запар, напрыклад, узнікала праблема «стаянкі» на беразе Ліноўскага возера, калі некаторыя аўтааматары імкнуліся пад’ехаць як мага бліжэй да вады. Таму мясцовая ўлада ўстанавіла турнікеты, пасля чаго пытанне знікла. А вось самі адпачывальнікі па-ранейшаму парушаюць правілы наведвання вадаёмаў. Матрос-выратавальнік Сяргей Казлоўскі, які дзяжурыць на возеры ад Аранчыцкай птушкафабрыкі, паведаміў, што спрэчныя і нават канфліктныя сітуацыі ўзнікаюць.

— Вось там стаяў знак «Купанне забараняецца!», каб папярэдзіць тых, хто збярэцца лезці ў ваду ў небяспечным месцы, — расказвае дзяжурны. — А сёння яго не стала: зламалі.

Перыядычна збіраюцца і «п’яныя кампаніі», і прыходзяць на пляж непаўналетнія, якім забараняецца знаходзіцца ля вады без суправаджэння дарослымі. З усімі вядзецца гутарка, на некаторых унушэнне дзейнічае разам з пагрозай выклікаць міліцыю.

Менш праблемнай бачыцца сітуацыя на Шарашэўскім возеры. Па словах матроса-выратавальніка Юрыя Хоміча ад ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», абстаноўка ніколі не даходзіла да канфліктаў, нават калі збіраецца сапраўдны натоўп для мясцовага пляжа ў 30 чалавек.

Пра адсутнасць рознагалоссяў на прыбярэжнай тэрыторыі гаварыў і матрос-выратавальнік Дзмітрый Масайла ад камунальнай службы, які дзяжурыў на гарадскім басейне.

Між тым, як зазначаюць усе адказныя асобы, а разам з імі і Юрый Амельянчук, застаецца непарадак у выкананні патрабаванняў, якія прадугледжаны Правіламі паводзін на вадзе.

— У жніўні стацыянарныя пасты нашага таварыства перайшлі на падоўжаны рэжым работы, і матросы дзяжураць да 21.00, што звязана з павелічэннем колькасці наведвальнікаў і пагаршэннем бяспекі на вадаёмах, — паведамляе Юрый Міхайлавіч. — У прыватных размовах выратавальнікі расказваюць, што за дзень праводзяць дзясяткі тлумачальных гутарак, звяртаючыся да бацькоў, якія не кантралявалі сваіх дзяцей, або да дарослых, якія спрабавалі заплыць за буйкі ці акунуцца па-за акваторыяй. Хочацца папрасіць грамадзян адэкватна рэагаваць на падобныя заўвагі: гэта не проста жаданне пакамандаваць, а імкненне захаваць бяспеку людзей. Інакш трагедый не пазбегнуць.

Гэта пацвярджае і сёлетняя сумная статыстыка. На сярэдзіну жніўня ў рэспубліцы патанула 240 чалавек, у тым ліку 13 непаўналетніх. З Пружаншчыны ў спіс трапілі два выпадкі — гібель гараджаніна напрыканцы мая і жыхара аг. Шчарчова падчас яго купання ў вадаёме іншага раёна. Уявіце сабе, што за сезон загінула цэлая вёска, ды немалая…

З улікам гэтай сітуацыі практычна ўсе праваахоўныя службы і выратавальнікі МНС пільна сочаць за вадаёмамі, рэгулярна бярэ пробы вады санітарная служба. Падчас сваёй паездкі мы сустрэліся і з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, і з прадстаўнікамі пракуратуры.

— Пракуратурай на пастаяннай аснове праводзяцца кантрольна-наглядныя мерапрыемствы па пытаннях захавання заканадаўства ў месцах масавага адпачынку грамадзян, — паведаміла памочнік пракурора Анастасія Кузняцова. — Тлумачым, што за купанне ў забароненых і не абсталяваных належным чынам месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. А яшчэ сочым за ўзроўнем гатоўнасці выратавальнікаў да розных крытычных праяў.

А што самі адпачывальнікі?


Імкненне да самазахавання некаторых грамадзян яскрава вызначае адзін з выпадкаў на гарадскім возеры, пра які нам паведаміў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД.

— Падчас дзяжурства ў адзін са спякотных дзён заўважыў, як на пірсе возера Лебядзінага раз’язджаў на веласіпедзе трохгадовы хлопчык. Паверце, у той момант успомніў усе малітвы, якія некалі развучваў. Хутка бег да малога з просьбай да ўсіх вышэйшых сіл не даць таму з’ехаць у ваду. На пытанне, дзе яго мама, хлопчык не змог нічога адказаць. У выніку вымушаны быў адвесці дзіця на станцыю, а потым з мегафонам абыходзіў пляж, гучна вымаўляючы імя і прозвішча малога. Аказалася, што маці вырашыла падрамаць на сонейку, а пра сына і не клапацілася. А на маю заўвагу адказала: «А ён мяне не слухаецца…»


«Няправільныя» правілы


На такую супярэчнасць мы звярнулі ўвагу падчас наведвання сажалкі ў Шанях. Афіцыйна гэты вадаём не ўключаны ў спіс зон адпачынку. А гэта азначае, што на беразе вадаёма адсутнічае неабходная інфраструктура, няма выратавальнага паста. Ды і сама акваторыя тоіць небяспеку для купання, бо не праводзілася ачыстка дна. Аднак, мяркуючы па пэўных прыкметах, адпачывальнікі ўсё-такі збіраюцца там. Як і на беразе вадаёма па вуліцы Вінаградава ў Пружанах.

Падобных водных аб’ектаў па раёне амаль дзве сотні, і работнікі сельвыканкамаў павінны аб’язджаць азёры-рэчкі на тэрыторыі сваіх сельсаветаў, каб устанавіць шыльды-папярэджанні «Купацца забаронена!» або пракантраляваць іх стан. Вось такую таблічку мы і не ўбачылі на Шаняўскім возеры. Хутчэй за ўсё, яна была знішчана, як і на вадаёме ў аг. Лінова. За купальны сезон старшыням сельвыканкамаў даводзіцца па 2-3, а то і 5 разоў нанава ўстанаўліваць шыльды. Іх жа людзі проста ламаюць, кідаюць у ваду, нават спальваюць…

Няўжо ў работнікаў мясцовай улады няма іншых клопатаў? Хапае, яшчэ і як! Ды толькі даводзіцца ахвяраваць некаторымі дзеля таго, каб дагрукацца да разумення грамадзян. На гэта траціцца далёка не адзін дзень, ды яшчэ і дзясяткі літраў паліва, бо адлегласці паміж воднымі аб’ектамі бываюць унушальныя. Наўрад ці назавеш такую прафілактычную работу рацыянальнай…Чаму нельга проста скіраваць увагу на афіцыйна прызначаныя для купання вадаёмы, а ўсе астатнія гуртам аднесці да катэгорыі небяспечных? Пра што, дарэчы, людзі і так добра ведаюць, мяркуючы па тым, як іншы раз разбягаюцца, заўважаючы наш аўтамабіль. Такім чынам здымецца цяжар з работнікаў сельвыканкама, як і пастаянная пагроза трапіць «пад штраф» з боку кантралюючых органаў за адсутнасць папярэджання. Прыкладам такога падыходу можна назваць Правілы дарожнага руху, згодна з якімі спецыяльна вызначаюцца месцы дазволенага перасячэння праезнай часткі, а на іншых участках ніякіх знакаў і папярэджанняў няма, нягледзячы на тое што ўсе цудоўна ведаюць: там пераходзіць дарогу нельга.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік