Па стане на ліпень 2023 года ў Пружанскім раёне прыродным газам карыстаецца больш за 14,6 тысячы абанентаў, а звадкаваным — амаль 7,3 тысячы. У выніку ўзровень газіфікацыі Пружаншчыны зараз складае 99%.
Такі паказчык стаў магчымы дзякуючы адказнай рабоце калектыву Пружанскага раёна газазабеспячэння пад кіраўніцтвам Анатолія Рахавецкага. Акрамя бытавых абанентаў — кватэр і жылых дамоў — РГЗ абслугоўвае 138 прамысловых, камунальна-бытавых і сельскагаспадарчых арганізацый. У эксплуатацыі прадпрыемства звыш 577 км газаправодаў прыроднага і 4,2 км звадкаванага газу, а таксама больш за сотню размеркавальных станцый і іншае абсталяванне.

Пры гэтым працягласць магістраляў, якія знаходзяцца на абслугоўванні, штогод толькі павялічваецца. У прыватнасці, летась быў газіфікаваны аграгарадок Лыскава, да якога пружанскія газавікі працягнулі 6,5 кіламетра сетак.
У планах на бягучы год — будаўніцтва такога ж газаправода да в. Магілёўцы, жыхары якой дагэтуль карысталіся звадкаваным газавым палівам. Але ж не толькі вяскоўцы з Магілёўцаў змогуць карыстацца зручнасцямі. На сённяшні дзень створана ўжо шэсць спажывецкіх кааператываў на праектаванне і будаўніцтва вулічных размеркавальных сетак, у тым ліку і для жыхароў Лыскава, Калазубаў, Юндзілаў і Асошнікаў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
