Чорныя кошкі і пустыя вёдры, чортавы вароты і нешчаслівыя нумары… Пагадзіцеся, прымхі вельмі трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Таму здараецца, што нават самыя адукаваныя і разважлівыя людзі пры сустрэчы з імі чамусьці спрабуюць сплюнуць праз левае плячо… «А вы верыце ў іх?» — з гэтым пытаннем журналісты «раёнкі» звярнуліся да жыхароў і гасцей горада.
Наталля:
— Шчыра кажучы, я лічу сябе адносна забабонным чалавекам. Бо жыццё, у пэўным сэнсе, паказвала, што ў прыкметы варта верыць. Ва ўсякім выпадку, супа-дзенні былі. Чорная кошка пяройдзе дарогу — і чамусьці пачынаецца чарада непрыемнасцей. Бывала, што і соль рассыпаная прымушала панервавацца. Можа, я сама сябе так настройваю, але ўсё роўна баюся.
Ганна:
— Я веру толькі ў прыродныя прыкметы. Вось, напрыклад, ластаўкі нізка лётаюць — будзе дождж, з бярозы цячэ шмат соку — да дажджлівага лета. На жаль, вельмі шмат людскіх фантазій і здагадак ідзе побач з рэальнымі народнымі прыкметамі. Не буду крывіць душой: адна прыкмета — калі птушка дзюбай стукае ў акно — можа моцна засмуціць. Нават тлумачэння гэтаму не знаходжу.
Пётр:
— Прабачце, але буду катэгарычны. Ні ў якія прыкметы, ні ў якія гараскопы верыць нельга. Так напісана ў Бібліі. Адно з двух: альбо ты верыш у Бога, альбо — у лухту, але не сумяшчай! Невыпадкова само старажытнае славянскае слова “суеверие” літаральна азначае “дарэмная, пустая вера”. Гэта ж сорамна: асяняць сябе крыжам, біць паклоны і пры гэтым верыць невядома ў што, у нейкую чорную кошку, напрыклад. У Свяшчэнным Пісанні сказана, што ні адзін волас не ўпадзе з нашай галавы без волі Бога.
Вольга:
— Дакладна ведаю, што вяртацца дадому — дрэнная прыкмета, асабліва калі наперадзе нейкая важная і адказная падзея. І тады ўмомант з’яўляецца дзіўнае хваляванне. Ужо і не ведаеш дакладна, ці то прыкмета “працуе”, ці то ты сам пачынаеш прыцягваць непрыемнасці. А яшчэ я веру ў адну добрую прыкмету — шчырую ўсмешку на твары сустрэчнага чалавека. Усміхайцеся самі — і ўсё будзе добра.
Алена Вітальеўна:
— Я не забабонны, а сучасны чалавек, і веру ў прагрэс і сілу чалавечай думкі. І лічу, што ўсе выпадкі, пра якія шэпча народ, заўсёды можна растлумачыць з навуковага пункту гледжання. Што зробіш, людзі, не думаючы, прыслухоўваюцца да розных прымхаў: катоў абыходзяць, па дрэве стукаюць. Але, упэўнена, ніякія забабоны не перашкаджаюць лавіць поспех. Мы вышэй за іх: як вырашым, так і будзе, што запраграміруем, тое і здарыцца ў нашым жыцці.
Яўгенія:
— Як нам тлумачылі ў школе, прыкметы — гэта некаторыя супадзенні сітуацый, запісаныя ўважлівымі людзьмі на працягу доўгага часу. Справа ў тым, што заўсёды людзі спрабавалі незразумелыя рэчы растлумачыць па-свойму. Адсюль і забабоны. Але з развіццём навукі, забабоны павінны знікнуць. Сорамна адукаваным людзям верыць ва ўсякую лухту. Адным словам, пустым вядром мяне не спыніш.
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча
