Насуперак распаўсюджанай думцы, нібыта народ у глыбінцы жыве сваім, «павольным і апалітычным», жыццём, апытанне, праведзенае журналістамі ў мінулую пятніцу, паказала: вяскоўцы маюць пэўную грамадзянскую пазіцыю і гатовы прыняць актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Хтосьці пільна вывучае перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, а іншыя мяркуюць вызначыцца з кандыдатурай ужо на выбарчым участку. Але ад магчымасці зрабіць свой выбар не адмаўляюцца.
Аляксандр, аг. Мурава:

— Безумоўна, я буду прымаць удзел у выбарах, паколькі лічу, што гэта трэба: усе ідуць – і я пайду. Галасаваць буду за кандыдата, які да нас сюды, у Мураву, прыязджаў і шмат паабяцаў… Вядома, хацелася б і з іншымі кандыдатамі пазнаёміцца. А так усляпую наконт іх цяжка прымаць рашэнне…
Ірына, аг. Мурава:

— Згаджуся з Аляксандрам: галасаваць буду за таго, каго ўжо ведаю ў твар. Усё ж такі жывая гутарка шмат значыць ды і праграма ў яго някепская, планы падаліся рэальнымі, не завоблачнымі. А да нававыбранага дэпутата хачу звярнуцца з просьбай, каб пасадзейнічаў у асфальтаванні нашай вуліцы Калініна.
Тамара, аг. Сухопаль:

— Дзякуючы “раёнцы”, я старанна вывучаю ўсе праграмы кандыдатаў у дэпутаты. Усе прачытаю, тады і буду рабіць выбар на карысць адной з праграм. На першы погляд, усе кандыдаты сумленныя, прыстойныя, адным словам, годныя. Хацелася б, каб іх прыгожыя словы не разыходзіліся са справамі.
Віктар, аг. Сухопаль:

— Пытанне да будучага дэпутата я ўжо падрыхтаваў: чаму нельга так распрацаваць маршрут аўтобусаў на Гродна, каб яны ў Сухопаль заязджалі? Едуць міма па аб’язной дарозе! Столькі студэнтаў кожны раз думае, як дабрацца да бліжэйшага прыпынку. Добра, калі ў бацькоў ёсць машына, а калі толькі веласіпед? Нязручна.
Маргарыта, аг. Сухопаль:

— Я – вельмі адказны выбаршчык. Уважліва вывучаю праграмы кандыдатаў, якія друкуюцца ў “раёнцы”, каб зрабіць свой выбар… Пакуль цяжка сказаць, хто лепшы: усе прыгожа гавораць, шмат абяцаюць. Хацелася б, каб іх словы не разыходзіліся са справамі…
Асабіста мяне вось якое пытанне хвалюе. Не дай Бог, вядома, страчваць сваіх блізкіх, але ж даводзіцца. А ў нас КБА закрылі – па рытуальныя прыналежнасці трэба ехаць у Шарашэва ці Пружаны, сталовую закрылі – дзе памінкі рабіць? Няўжо нельга якую кропку продажу адкрыць і каб тое ж кафэ пад заказ працавала?
Віктар, аг. Мурава:

— Прызнаюся, праграм не чытаў, кандыдатаў асабіста не бачыў. А галасаваць буду, напэўна, за самага маладога. Моладзь адукаваная, руплівая, шчырая – ёй і працаваць на дабрабыт краіны.
Алена, аг. Стараволя:

— Абавязкова трэба ўсім галасаваць, таму што на выбары выдаткоўваюцца нашы, бюджэтныя, сродкі. Не пойдзем на выбарчыя ўчасткі — патрацім лішняе на дадатковых выбарах. Вядома, хацелася б сустрэцца з усімі кандыдатамі і задаць сваё пытанне: ці гатовы дапамагчы? А пытанне маю такое: дакуль па нашай неасфальтаванай вуліцы 17 Верасня будуць пускаць велікагрузы з гаспадаркі, калі побач ёсць іншая дарога? Столькі дзяцей тут бегае, на веласіпедах ездзяць, а пыл сцяной цэлы дзень стаіць!
Меркаваннямі цікавілася Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.