Вторник, 18 марта 2025

Наш опрос: кто в доме хозяйка?

1 062

У апошні дзень студзеня ў некаторых краінах свету адзначаўся дзень хатняй гаспадыні. Той, якая працуе не пакладаючы рук, каб захаваць агонь хатняга ачага. Калісьці вядзенне гаспадаркі побач з выхаваннем дзяцей лічылася галоўным прызначэннем жанчын. Сёння сітуацыя змянілася… Як у сучасных сем’ях размяркоўваюцца абавязкі і ці існуе наогул падзел на мужчынскую і жаночую працу? Пра гэта журналісты «раёнкі» даведаліся ў жыхароў і гасцей горада.

Сяргей:


—У мяне ў сям’і строгага падзелу на мужчынскую і жаночую працу няма. Але ў сілу жыццёвых абставін (з-за асаблівасцей маёй работы) жонцы дастаецца большая частка сямейнай працы. Можна сказаць, увесь быт трымаецца на ёй: дзяцей у сад-школу збяры, дом прыбяры, есці прыгатуй і гэтак далей — да бясконцасці. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць любай жонцы глыбокую падзяку за ўсё. Дзякуй, родная!

Аляксандр:


— Працуе жонка, не працуе — якая розніца? Я, наадварот, стараюся як мага больш дапамагаць жонцы па гаспадарцы. У мужчыны ўсё-такі болей сілы! Жонка — чалавек далікатны і пяшчотны. Яна і так траціць вельмі шмат сіл на нараджэнне і выхаванне дзяцей. Няхай жанчыны больш адпачываюць, цвітуць і пахнуць, а мы, мужчыны, усё зробім за іх.

Лідзія:


— Пагадзіцеся, што сёння мужчына не настолькі нагружаны, як у старыя часы. Раней мужчыны і дровы секлі, і аралі, і касілі, і жалі. Сёння гэтая праца практычна цалкам механізавана. Таму лічу, што хатнюю гаспадарку не павінна на сабе цягнуць адна жанчына, якая таксама працуе па 8 гадзін на дзень: нясорамна сапраўднаму мужчыне і папыласосіць, і дываны выбіць, і посуд памыць. Жыццё ад жанчын і так ва ўсе часы патрабавала неймаверных сіл: дзяцей вынасі, нарадзі, выхавай — і ўсё на адных руках.

Святлана:


— Я жонка былога вайскоўца, ды і сама калісьці служыла ў войску: не па чутках ведаю ўсе «прывабнасці» армейскага жыцця — небяспечнага і цяжкага. Улічваючы спецыфіку службы сваіх мужоў, мы, жонкі вайскоўцаў, заўсёды цягнулі на сабе ўвесь цяжар хатняга побыту. А куды дзенешся з «падводнай лодкі»? Затое сёння я магу ганарыцца сваімі сынамі, якія, пакуль тата Радзіму абараняў, заўсёды былі каля мяне і ва ўсім дапамагалі. Яны могуць зляпіць варэнікі, пельмені, зварыць боршч, пасмажыць катлеты… Маім нявесткам пашанцуе з імі.

Святлана:


— Скажу пра бацькоў, якія заўсёды толькі разам займаліся хатняй гаспадаркай. Прычым большую яе частку браў на сябе мой тата: мама ўсё жыццё працавала ў школе і вельмі стамлялася, а тата вельмі шанаваў сваю каханую жанчыну і быў заўсёды побач з ёй: і калі журавіны збіралі, і калі ягады апрацоўвалі ці агарод упраўлялі… А ў сваёй хаце я, прызнаюся, вымушана была цягнуць за двух. Так лёс распарадзіўся. Што зробіш?

Елізавета:


— Я жыву яшчэ з бацькамі і хачу заўважыць, што ў нашай сям’і мы ўсё робім толькі разам: сумесная праца аб’ядноўвае вельмі моцна і павышае настрой. Калі бацькі на працы, то мы з сястрой стараемся як мага больш дапамагчы ім па гаспадарцы, каб у мамы з татам заставалася болей часу на адпачынак. У цэлым, у нашай сям’і ў кожнага ёсць права на адпачынак: стаміўся — ляж і адпачні, працу за цябе зробяць астатнія. Нашы сямейныя адносіны пабудаваны на ўзаемадапамозе і падтрымцы.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.