Вторник, 18 февраля 2025

Наш опрос к международному Дню поваров: Кто в доме главный кулинар?

889

Вараць і смажаць, тушаць, пякуць, проста любімай працай жывуць… Штогод 20 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць уладары грыля і чараўнікі духоўкі – повары і кулінары ўсяго свету. З нагоды такога “смачнага” свята нашы журналісты выйшлі на вуліцы горада, каб спытаць у прахожых, хто галоўны повар у іх сям’і і якія стравы яны звычайна гатуюць у будні і святы.

Таццяна: 
— Я, на жаль, сёння жыву адна: мужа ўжо чатыры гады як няма. Таму сама і кухар, і кліент. Асабліва не пешчу сябе, а вось калі прыязджаюць дзеці, то з нагоды доўгачаканай сустрэчы мы ладзім сапраўднае гастранамічнае свята з разнастайнымі экзатычнымі вынаходніцтвамі. Дачка жыве ў Даніі і кажа, што скандынаўская кухня моцна адрозніваецца ад беларускай. Там аддаюць перавагу раздзельнаму харчаванню і змешваць, як славяне, складаныя інгрэдыенты не гатовыя: мяска і капустачка ў іх — асобна. А мы смела круцім галубцы, рулеты і іншыя смачнасці. Рэцэптаў шмат, запісаў не злічыць! Цяпер ужо грыбочкі пайшлі: то і смажу іх, і салю, і марыную. Увогуле, на кожную пару года ёсць у нашай сям’і фірмовыя стравы.

Тамара:

— У нас у доме хоць і ёсць газ, але я, як раней мая мама, не лянуюся паліць у печы і ўсе стравы гатую ў ёй, роднай: раблю традыцыйныя беларускія бабку і дранікі, розныя запяканкі, рулеты і каўбаскі. Вось зараз пасяджу, адпачну на лавачцы, а потым прыйду, дастану з печы ежу — смаката! Усё гатовае, свежае, духмянае. Ніякіх клопатаў! А вось на святы, калі ўсе дзеці і ўнукі збіраюцца, тады гатуем і рыбку запечаную, і абавязкова традыцыйнае аліўе і селя-дзец «пад футрам». А як жа інакш? Дзеці яшчэ любяць дадаваць у салацікі аліўкі і ананас. Я, вядома, спрабую і, калі падабаецца, пераймаю для сябе новыя рэцэпты.

Анастасія: 

— Так лёс распарадзіўся, што я гадую дзіця адна. У нашым з дачкой рацыёне прысутнічае толькі простая, але здаровая ежа — усё адварное і запечанае: мяска, розная агародніна і кашкі. Падрасце — тады і будзем спрабаваць нешта больш складанае. Мару, каб Надзейка стала добрай гаспадыняй, а гэта, згадзіцеся, немагчыма без поварскіх здольнасцей. Я, дарэчы, вельмі люблю вашу рубрыку «Рэцэпты на біс», ды і ў інтэрнэце цікавыя рэцэпты падглядваю і на будучыню «раблю закладкі»…

Наталля: — У мяне трое дзяцей — два сыны і дачка. І гатуюць у нас усе, нават самы малодшы член сям’і, якому толькі 12 гадоў. Ён у нас сапраўдны майстар па блінцах і каўрыжках. Дарэчы, марыць стаць кухарам! На правах шэф-повара адразу скажу: мы людзі ўсходнія, прыехалі ў Беларусь з Казахстана. Таму ў нашым рацыёне пераважае мяса, задобранае спецыямі: плоў, манты, а на святы — абавязкова бешбармак, традыцыйная мяса-мучная страва сярэднеазіяцкіх народаў. Бешбармак гатуецца, як правіла, з нагоды свят або прыёму дарагіх гасцей. У перакладзе з цюркскіх моў азначае «пяць пальцаў», «пяцярня», бо пры ўжыванні бешбармака качэўнікі звычайна не выкарыстоўваюць сталовыя прыборы.

Іосіф: — У ідэале, калі сям’я поўная, лічу, што шэф-поварам павінна быць жанчына, а мужчына — яе галоўным памочнікам. Так здарылася, што я жыву адзін: сам сабе гатую, сам і ем. Умею гатаваць практычна ўсё. Пагля-дзіце на мяне: адразу відаць, што ем здаровую ежу! Мне 63 гады, я яшчэ працую і поўны сіл. Асабліва добра ў мяне атрымліваюцца мясныя стравы. Падзялюся з вамі добрым рэцэптам: бяру свіную шыйку, разразаю яе на дробныя кавалачкі і абсмажваю з морквачкай і цыбулькай. Да такога сакавітага мяска любы гарнір падыходзіць: і бульбачка, і кашкі, і тыя ж макароны. На святы разам з сябрамі гатуем шашлык, да якога можна яшчэ і гарэлкі ўзяць, праўда, у меру!.. Здымаю капялюш перад усімі поварамі, няхай разам з вамі каля пліты заўсёды стаіць ваша шчасце!

Віялета
— Я жыву з бацькамі, але, нягледзячы на тое, што галоўны кулінар у нашай сям’і, вядома ж, мама, я вельмі люблю гатаваць і паесці. Балазе, камплекцыя дазваляе есці ўсё, нават салодкае і мучное. Але ў меру! На любых святах падчас застолляў я аддаю перавагу разнастайным салацікам. Магу падзяліцца з вамі вельмі простым і арыгінальным рэцэптам аднаго з іх. Спатрэбіцца курыца (адварыць і нарэзаць на кавалачкі), сыр (нацерці на дробную тарку), ананасы (кубікамі), два зубчыкі часнаку і… ёгурт. Ніякага маянэзу! Я медработнік, таму ўсім тлустым запраўкам заўсёды кажу «не». Хатняе харчаванне можа быць і павінна быць правільным.

Яўгеній— З гонарам заяўляю: я — галоўны повар у сям’і і маю для гэтага ўсе здольнасці! З дзяцінства любіў гатаваць, а калі ажаніўся, то хацеў такім чынам дагадзіць жонцы, а потым і дзіцяці. Упэўнены, што шлях да сэрца жанчыны ляжыць таксама праз… страўнік. Каб смачна накарміць сям’ю, патрэбны талент, і ён у мяне ёсць. Таму прафесійнае свята кулінараў лічу добрай нагодай для радасці і ў сваёй сям’і. На свята дзіцяці згатую дыетычнае курынае філе, папярэдне вытрымаю мяса ў малацэ, і яно стане больш сакавітым. А для нас з жонкай накручу арыгінальных галубцоў з «сакрэтам»: у фарш дадам нацёртага яблыка, найлепш антонаўкі, і смажанай цыбулі для пікантнасці. Увогуле, любую сямейную страву трэба гатаваць з любоўю і толькі з добрым настроем.

Гутарыла Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча

Даведка «РБ»:

Дзень повара — свята даволі маладое, якое ўзнікла ў 2004 годзе па ініцыятыве Сусветнай Асацыяцыі Супольнасцяў Шэф-повараў. У гэтую арганізацыю ўваходзяць прыкладна восем мільёнаў чалавек з усяго свету. Адзначаюць Дзень повара ў 70 краінах. У гэты дзень праводзяцца розныя кулінарныя конкурсы, майстар-класы і акцыі, удзел у якіх прымаюць кухары найбуйнейшых рэстаранаў і кафэ. Адзнакі кулінарам ставяць не толькі за смак іх страў, але і за хуткасць прыгатавання, наватарскі падыход да спалучэнняў прадуктаў, а таксама за знешні выгляд стравы пры падачы.

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *