Для таго, каб у людзей паменшала праблем, трэба, каб яны эфектыўна вырашаліся. Але ці часта людзі стукаюцца ў дзверы кабінетаў, каб агучыць свае прэтэнзіі, звярнуцца па дапамогу?
Мы звярнуліся да жыхароў Ружанскага сельсавета з пытаннем:
— ЦІ ЁСЦЬ ЗАЎВАГІ ДА МЯСЦОВАЙ УЛАДЫ?
— Рана ці позна ў любога чалавека знойдзецца падстава звянуцца да мясцовай улады. І я, безумоўна, — не выключэнне. Нічога дрэннага ў адрас спецыялістаў сельвыканкама сказаць не магу: добрыя, ветлівыя людзі, але разумею, што не ўсе праблемы ім пад сілу вырашыць. А праблем у нас хапае, — напрыклад, з працаўладкаваннем: у мясцовай гаспадарцы цяпер шмат украінцаў, затое мясцовыя людзі не могуць знайсці работу…
— Я прыехаў у Ружаны каля двух з паловай гадоў таму. Кіраўніцтва санаторыя, дзе я працую, заўсёды адкрыта да дыялога: як іншагародняму прадаставілі пакой у інтэрнаце, далі рэгістрацыю. Праўда ў нас на «хутары», як мы называем ускраіну пасёлка, дзе жывем, асабліва нічога не купіш: даводзіцца хадзіць у цэнтр. Шчыра прызнацца, большасць маіх калег купляе прадукты ў кафэ санаторыя — там цэны параўнальна меншыя, а па рэчы едзе ў Слонім, Ваўкавыск ці Гродна — там да таго ж і выбар большы. Мясцоваму гандлю, адназначна, не хапае канкурэнцыі.
Соф’я Іосіфаўна Кубарка, в.Воля:
— А што ў маім узросце і патрабаваць ад мясцовай улады? Больш турбуюся за родных — у мяне засталіся толькі пляменнікі, ды і тыя параз’язджаліся па ўсім свеце. Вось заглядваю ў скрыню і перажываю, што даўно не было ліста ад пляменніка, які жыве ажно на Поўначы.
Увогуле, старому чалавеку складана аднаму. Вось, напрыклад, нядаўна на два тыдні злягла з-за хваробы, дык на ўвесь гэты час засталася без хлеба: магазіна ў нас цяпер няма — толькі аўталаўка прыязджае.
Аляксандра Канстанцінаўна, г.п.Ружаны:
— У сельвыканкам практычна не звярталася — па дробную кансультацыю хіба што ці па даведку якую. Але гэта не значыць, што няма даверу да спецыялістаў: проста не было прычын для заўваг. Асабіста мне ўмовы жыцця ў пасёлку падабаюцца: летам зрабілі пешаходныя дарожкі, паклалі асфальт. Прайсціся ў цэнтр цяпер адно задавальненне.
Галоўная праблема ў Ружанах — адсутнасць работы і жылля. З-за гэтага моладзь, асабліва прыезджыя спецыялісты, надоўга тут не затрымліваюцца. А яшчэ хацелася б, каб асартымент і цэны ў магазінах памяняліся: у каго ёсць магчымасць, ездзяць па пакупкі ў суседнія райцэнтры — там і танней, і выбар большы.
— На мой погляд, у Ружанах не ўсё так добра, як хацелася б. Вулічнае асвятленне, напрыклад, нядоўга гарыць: здаецца, лішнія дзесяць хвілін не прынеслі б бюджэту буйных фінансавых выдаткаў. Хвалююць і пытанні медыцыны. Па кваліфікаваную меддапамогу з некаторых вёсак сельсавета намнога бліжэй і прасцей дабрацца да Слоніма, чым да райцэнтра. Зразумела, што самастойна на мясцовым узроўні такую праблему не вырашыць.
Тым не менш ёсць за што і падзякаваць. Напрыклад, за тое, што сёлета добраўпарадкавалі дарогу ў цэнтры — залілі асфальтавую дарожку нават перад касцёлам.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).