Цікава, ці здольныя нашы людзі быць самакрытычнымі? Каб даведацца пра гэта, журналісты «раёнкі» папрасілі прахожых на вуліцах горада назваць самую лепшую і самую дрэнную, на іх думку, рысу ўласнага характару. А заадно ад рэспандэнтаў мы даведаліся, па якіх прыкметах можна распазнаць у натоўпе добрага і кепскага чалавека.
Аляксандра:
— Шчыра прызнаюся, што я вельмі запальчывая. Магу з нагоды і без накрычаць на чалавека. Праўда, потым хутка адыходжу і пачынаю шкадаваць аб зробленым. Ну, а самая добрая мая рыса — працавітасць. Калі трэба, то магу і горы звярнуць. А што тычыцца іншых людзей, нават не ведаю, што і сказаць: пазнаць іх можна толькі па ўчынках. Мне імпануюць шчырыя і вясёлыя людзі, а калі адчуваю, што чалавек не ідзе на кантакт, не глядзіць у вочы і ўвільвае ад адказу, то і даверу да яго не будзе. Лепш каля такіх не затрымлівацца.
Яна:
— Паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся, што я гультаяватая натура. Але ў цэлым, у мяне нядрэнны характар: я дружалюбная, адкрытая і заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу нават незнаёмаму чалавеку. А сярод людзей заўсёды ў суразмоўцы выбіраю простых і неганарыстых асоб. Хоць, з іншага боку, кажуць, што прастата — горшая за крадзеж. Аднак да гэтага часу я ў людзях не памылялася і не расчароўвалася.
Віктар:
— Станоўчая рыса майго характару — адкрытасць. А дрэнная? Нават ніколі і не задумваўся над гэтым. Напэўна, скупасць. Але не фінансавая, а скупасць у дзеяннях, у нежаданні давесці справу да канца. Хутчэй за ўсё, гэта проста лянота, самая сапраўдная лянота пенсіянера. А што тычыцца другой часткі пытання, то так адкажу: не варта падыходзіць з размовамі да панурага чалавека. Гэта не значыць, што ён дрэнны, проста занадта абцяжараны праблемамі. Хто ведае, можа, заробак у яго маленькі і чалавек не можа рэалізаваць свае мары, таму і не да ўсмешак яму. І ўжо дакладна варта абыходзіць бокам хамаў, якія сваімі неабдуманымі паводзінамі «трубяць» усяму свету, што іх дрэнна выхавалі ў дзяцінстве. А вабілі мяне заўсёды ўсмешлівыя людзі! Мы часта іранізуем з нагоды так званых «галівудскіх» усмешак, нібыта гэта хітрыя маскі. А панурыя маскі вам, людзі, выходзіць, прыемныя?
Аляксандр:
— Лепшая рыса майго характару — імкненне заўсёды і ва ўсім трымацца «залатога правіла». Іншымі словамі, я ніколі не раблю людзям таго, чаго не жадаю сабе. Я выхаваны і да кожнага чалавека стаўлюся з дабрынёй. А дрэнная? Напэўна, гэта мая няздольнасць хутка забываць крыўды. Як той казаў, я не злапамятны, у мяне проста добрая памяць… Наконт астатніх людзей. Хоць і кажуць, што для таго, каб зразумець чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці, я лічу, што людзей можна распазнаць з першага погляду: добрых — па асаблівым святле і цеплыні ў вачах, а дрэнных — па «злоснай» міміцы і інтанацыях у голасе.
Антаніна Рыгораўна:
— Шчыра прызнаюся, што я люблю павышаць голас. Нават не ведаю чаму. Часам здаецца, што мяне папросту не чуюць. А лепшая мая рыса ў тым, што я за ўсіх вельмі перажываю. Часам ноччу заснуць не магу: усё пра дзяцей і ўнукаў думаю. Можа, з іншага боку, гэта і дрэнна? А ў натоўпе заўсёды вылучаю тых, хто ўсміхаецца ўсім. А вось дрэнных людзей распазнаць вельмі складана. Яшчэ герой Конана Дойля Шэрлак Холмс казаў, што чалавек з вельмі пачварнай знешнасцю можа мець вельмі добрую душу і наадварот. Калі людзі маўчаць, то, здаецца, усе яны добрыя, а вось калі пачынаюць размаўляць, тады ўжо па вачах, па манеры зносін можна зразумець, што ўяўляе сабой гэты чалавек.
Аляксандр:
— Лепшая мая рыса — гэта жаданне быць добрым чалавекам. Паверце, з усіх сіл стараюся! Яшчэ ў дзяцінстве прагледжаныя фільмы і прачытаныя кнігі падахвочвалі браць прыклад з добрых герояў. І пры гэтым я вельмі запальчывы. «Закіпаю» імгненна, часам здаецца, што магу «выбухнуць» ад абурэння. А як распазнаць дабро і зло на вуліцы? Дрэннага чалавека адразу бачна па калючым поглядзе спадылба і пальцах «веерам». А добрага — па асаблівым свячэнні, якое ад яго зыходзіць. Аднак усё вельмі падманліва. Лічу, што давяраць трэба ўсім, таму што толькі дрэнных ці толькі добрых людзей не бывае. Пры жаданні ў кожнага дрэннага чалавека можна знайсці нешта добрае.
Гутарыла Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.