Суббота, 15 марта 2025

Наш опрос: а кто ваш любимый учитель?

1 523

У жыцці кожнага з нас былі настаўнікі, якія запомніліся назаўсёды, а магчыма, і наогул паўплывалі на лёс. Вельмі многае залежыць ад першага настаўніка. Гэта яму бацькі давяраюць яшчэ зусім маленькіх сыноў і дачок, і менавіта першыя заняткі павінны выклікаць цікавасць да вучобы. Пасля ад умення настаўніка данесці матэрыял у многім залежыць выбар будучай прафесіі. Ёсць і настаўнікі, чые мудрыя парады дапамагаюць не разгубіцца ў дарослым жыцці.
Напярэдадні прафесійнага свята мы выйшлі на вуліцы горада і прапанавалі прахожым павіншаваць любімага настаўніка.

Іна Іванова:


— Ад усёй душы хачу павіншаваць з Днём настаўніка свайго класнага кіраўніка Канстанціна Іванавіча Жытко і настаўніцу рускай мовы і літаратуры Вольгу Пятроўну Карпей. Мне здаецца, гэта і ёсць тыя людзі, пра якіх гавораць “настаўнік ад Бога”. Адметна, што яны сталі і настаўнікамі ў маіх дзяцей: Вольга Пятроўна вучыла сына, а Канстанцін Іванавіч— класны кіраўнік у маёй дачкі.

Іван, гімназіст:


— У першую чаргу хочацца павіншаваць нашага класнага кіраўніка і настаўніцу рускай мовы і літаратуры Наталлю Іванаўну Більдзейка. Менавіта яна праводзіць з намі найбольш часу і з’яўляецца для нас самым блізкім чалавекам у школе.

Канстанцін, гімназіст:


— Я таксама далучаюся да добрых слоў у адрас Наталлі Іванаўны, а яшчэ віншую настаўніцу англійскай мовы Вольгу Сяргееўну Самайловіч. Дзякуючы ёй я ўжо маю першыя поспехі ў вывучэнні прадмета, спадзяюся, што і ў далейшым у нас будуць добрыя вынікі. Яна не толькі вучыць замежнай мове, але і дапамагае разнабакова развівацца.

Вольга Пятроўна:


— Ведаеце, а я і сама настаўніца. Толькі што “збегла” ад сваіх вучняў, якія да свята таксама здымаюць інтэрв’ю. З задавальненнем праз газету павіншую ўсіх сваіх калег, ды і ўсіх тых, хто нясе і нёс “разумнае, добрае, вечнае”. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця ў сямейным жыцці, прафесійнага росту і ўдзячных вучняў.

Уладзіслаў:


— Некалькі гадоў таму я скончыў СШ №1. Найперш хачу павіншаваць свайго класнага кіраўніка Алу Анатольеўну Чайкоўскую. Ала Анатольеўна выкладае біялогію, і трэба адзначыць, што яе ўрокі былі па-асабліваму цікавымі. Далейшае жыццё я не звязаў з яе прадметам, але і цяпер яна выклікае толькі самыя светлыя ўспаміны.

Ірына:


— Пачну сваё віншаванне з цёплых слоў у адрас сваёй мамы. Любоў Аляксееўна Марозава шмат гадоў выкладала мову, вучыла пачаткоўцаў і нават была дырэктарам школы.
Таксама хачу павіншаваць настаўнікаў сына. Сафія Анатольеўна Кратко была першай настаўніцай, але і зараз з‘яўляецца для дзяцей бясспрэчным аўтарытэтам. Алена Мікалаеўна Барташ стала іх класным кіраўніком толькі сёлета, але адразу заваявала давер шасцікласнікаў.


Сафія:


— Свае словы віншавання я адрасую настаўніцы замежнай мовы Алене Мікалаеўне Трафімчук. Яна справядлівая і добрая. На кожным уроку мы даведваемся нешта новае, прычым усе заняткі — розныя. А так вучыцца намнога цікавей!

Думкамі цікавіліся Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).