На мінулых выхадных на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» прайшла штогадовая спартакіяда «Здароўе» сярод работнікаў галіны Міністэрства інфармацыі.
Хаця спаборніцтвы і павінны былі пачацца ў суботу, але каманда нашай вобласці выехала ў «Стайкі» яшчэ ў пятніцу. І гэта цалкам апраўдала сябе. Бо за гэты дзень усе маглі пазнаёміцца паміж сабой, згуртавацца, як сапраўдная каманда, і нават паспець правесці невялікую вячэрнюю трэніроўку. У дзень адкрыцця спартакіяды мы ўжо былі як адзіны цэлы «механізм», кожны ведаў свае задачы і мэты.
Адкрыццё спаборніцтваў падарыла масу станоўчых эмоцый і зарадзіла нас на спартыўную барацьбу. Ва ўрачыстасці прыняў удзел і міністр інфармацыі Марат Маркаў, з якім нашай камандзе ўдалося сфатаграфавацца.
Удзельнічалі ў спаборніцтвах 20 каманд, сярод якіх былі прадстаўнікі аблвыканкамаў, тэлебачання і інфармацыйных агенцтваў. Першымі на спартыўныя выпрабаванні выйшлі бегуны. Тут нашу вобласць прадставілі Юрый Бушык і Крысціна Гладышчук, якія прадэманстравалі добры вынік і паклалі ў скарбонку нашай каманды першыя ачкі. Ну а далей кожны з нас пайшоў па сваіх месцах, бо спартыўных дысцыплін было шмат і яны праходзілі ўсе паралельна. У спаборніцтвах па гіравым спорце сваю сілу паказаў Павел Дзмітрыеў, які годна справіўся з дадзеным выпрабаваннем і зарабіў для нашай каманды неабходныя балы. Выдатны вынік па дартсе паказалі ўдзельнікі нашай каманды Алена Даніловіч і Кірыл Юрчанка, абодва ўдзельнікі занялі сёмыя месцы. Нядрэнную падрыхтоўку прадэманстравалі і нашы настольныя тэнісісты. Неўзабаве справа дайшла і да камандных відаў спорту. У футболе ў 1/8 фіналу мы ўпэўнена перайгралі каманду Магілёўскай вобласці з лікам 5:0, гэты вынік падтрымалі і нашы валейбалісты, якія таксама справіліся са сваім сапернікам з Гомельскай вобласці. Але далей 1/4 фіналу, на жаль для нас, ні ў адным з гэтых відаў спорту нам прайсці не атрымалася. Вельмі дастойнае пятае месца ў валейболе і шостае ў футболе зрабілі наш камандны вынік яшчэ прыгажэйшым.
Хто стане пераможцам спартакіяды, хто зойме прызавыя месцы і хто здолее замкнуць першую дзясятку ў выніковай табліцы, вырашалася ў нядзелю. Апошняй дысцыплінай гэтых па-сапраўднаму гарачых спаборніцтваў стала перацягванне каната. Нам па жэрабі зноў выпала каманда, якая прадстаўляла Магілёўскі аблвыканкам. Сутычка атрымалася напружанай і праходзіла некаторы час у роўнай барацьбе, але перамогу святкавала каманда з усходу нашай краіны.
Так хутка і праляцелі два дні гэтай цудоўнай падзеі, якая падарыла нам мноства цікавых і яркіх момантаў. Па выніках спаборніцтваў у агульнакамандным заліку трэцяе месца заняла каманда Віцебскага аблвыканкама, другое — СТАА «Космас ТБ», ну а ўпэўненую перамогу атрымалі прадстаўнікі каманды «Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі». Каманда Брэсцкага аблвыканкама размясцілася на 10 месцы, а гэта значыць — мы здолелі ўвайсці ў першую дзясятку каманд спартакіяды. Нядрэнныя спартыўныя паказчыкі, якія былі падмацаваны добрымі знаёмствамі з выдатнымі людзьмі — вось сапраўдны вынік цудоўна праведзеных выхадных.
Руслан Басак.
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі спаборніцтваў