Пятница, 14 февраля 2025

Беражы сукенку знову, а гонар — змоладу? Што наконт гэтага думаюць пружанцы

560

Ці сапраўды гэтая прымаўка страціла сваю актуальнасць у грамадстве і мы ставімся да яе, як да архаізма? Пра гэта журналісты запыталіся на вуліцах горада.

Алена:
— Лічу, што не трэба нікога асуджаць і не трэба нікога вучыць, акрамя сваіх дзяцей. У кожнага чалавека свой шлях да шчасця і свае памылкі ў жыцці, многія з якіх, праўда, грамадства не даруе. Маладым людзям трэба памятаць, што слова “рэпутацыя” невыпадкова прыдумалі і лепш яе не псаваць. Шлейф любоўных прыгод цягнецца за чалавекам вельмі доўга. Нават калі ён спыніцца ў сваім сексуальным пошуку і створыць сям’ю, усё адгукнецца так ці інакш, і не лепшым чынам.

Алена:
— Адназначна, гульні ў “казаноў” і “гейш” да дабра не даводзяць і не могуць спрыяць стварэнню моцнай сям’і. Хто дасць гарантыю, што чалавек, які да вяселля мяняў сваіх партнёраў як пальчаткі, будзе табе верны ўсё жыццё? Заўсёды будзеш у ім сумнявацца, падазраваць. А дзе падазронасць – там ужо няма месца для кахання.

Кірыл:
— Ёсць такое правіла: стаўся да людзей так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. Усе мы – і хлопцы, і дзяўчаты – аднолькавыя. Усім хочацца знайсці ў жыцці менавіта свайго чалавека: адданага, прыстойнага, добрага і каханага, каб стварыць з ім сям’ю. А як шукаць? Пачынаць з сябе. Хочаш, каб дзяўчына была цнатлівая, сам не распуснічай. Калі пачынаеш мяняць партнёрак, то не патрабуй і ад дзяўчат павагі сабе любімаму. Хочаш, каб даравалі, сам даруй і не папракай.

Марына:
— Калі людзі сапраўды кахаюць адзін аднаго, то ўсе свае былыя памылкі яны будуць выпраўляць разам. Разам гарманічна развівацца і, безумоўна, створаць моцную сям’ю. Вядома, любому чалавеку прыемна ўсведамляць, што ён для сваёй палавінкі адзіны і непаўторны. Але жыццё — складаная рэч. Каб быў нейкі алгарытм правільных дзеянняў да вяселля, то ўсе людзі ў шлюбе былі б шчаслівыя.

Аляксандр:
— Колькі людзей – столькі меркаванняў. У кожнага свае густы і перавагі, у тым ліку і ў сексуальных адносінах. Свае погляды на будучае сямейнае жыццё. Тут многае залежыць ад выхавання. Усе бацькі жадаюць сваім дзецям дабра, і ніхто з іх не кажа: ідзі, мяняй дзяўчат, як цыган коней… Проста, хтосьці не слухае і робіць інакш. А потым здзіўляецца, чаму яго галавой сям’і не лічаць.

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча