Усталявалася прыдатнае надвор’е, ласкава свеціць сонейка. Гэтая акалічнасць на руку аграрыям нашай краіны, якія прыступілі да нарыхтоўкі травяных кармоў. У бягучым годзе ў Беларусі плануецца нарыхтаваць больш за 9,6 мільёнаў тон кармавых адзінак зялёных кармоў. Гэтага будзе больш чым дастаткова для жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд 2023/2024. Па Брэсцкай вобласці, якая, дарэчы, першай і ўзялася за ўкос травяных кармоў, дадзеная лічба складае 2088 тыс. тон.
Гаспадаркі нашай роднай Пружаншчыны таксама актыўна ўключыліся ў гэты працэс, разумеючы, што ў дадзеным выпадку дзень, як кажуць, год корміць. Сельгаставарыствам раёна патрэбна нарыхтаваць 785 тыс. тон кармоў на 28000 га (на чацвер бягучага тыдня асвоена 3586 га). Цяпер асноўны ўпор робіцца на нарыхтоўку і закладку сенажу.
Гэтую акалічнасць пацвердзілі і ў ААТ «Радзіма», куды ва ўрочышча Пажэжа завіталі карэспандэнты «раёнкі». План гаспадаркі — нарыхтаваць кармы на 1100 га, з якіх сена — 900 т, сенажу — 14000 т і сіласу — 22000 т.
На момант нашага прыезду сельгаставарыства скасіла траву першым укосам на 80 га, што складае 7,3 % да плана. Па словах агранома Веры Ярмашук, тут павінны справіцца з пастаўленай задачай якасна і ў вызначаныя тэрміны. Тэхніка была загадзя падрыхтаваная, ды і людзі нацэлены на вынік, які парадуе іх грашова, а гаспадарку забяспечыць кармамі. Кожны дзень на адвозе задзейнічана сем адзінак тэхнікі, адзін трактар «Беларус» зграбае траву ў валкі, дзве касілкі займаюцца касьбой, дзве адзінкі падбіраюць травяную масу з наступнай яе пагрузкай. Працэс адладжаны і даўно знаёмы аграрыям.
Што да чарговасці работы, то пасля ўкосу трава зграбаецца ў валок. Ёй даюць суткі «адпачыць», каб вільготнасць складала 45-50 %, пасля чаго яна вывозіцца і закладваецца ў траншэі.
Зразумела, у працэсе нарыхтоўкі травяных кармоў на першы план выходзіць якасць, бо ад яе залежыць многае, у тым ліку і будучыя надоі. Вера Сяргееўна расказала, што для атрымання якасных кармоў найбольш аптымальнымі тэрмінамі пачатку ўборкі траў з’яўляюцца наступныя перыяды: для злакавых — канец трубкавання і пачатак калашэння, для бабовых — фаза бутанізацыі і пачатак цвіцення. У гэты час у адным кілаграме сухога рэчыва ўтрымліваецца 0,86-1 кармавая адзінка.
Своечасовая ўборка першага ўкосу гарантуе не толькі высокую якасць, але і атрыманне паўнацэнных наступных (другога і трэцяга) укосаў. Уборка траў у аптымальныя фазы іх развіцця пры строгім захаванні тэхналагічных працэсаў нарыхтоўкі і захоўвання дазваляе павялічыць выхад кармавых адзінак і пратэіну на 25-30 %.
Вадзім Раўнейка