Воскресенье, 14 июля 2024

Нарыхтоўка бярозавіку пачалася ў раёне. Даведаліся, куды звяртацца і колькі каштуе літр соку

427

У бягучым сезоне да нарыхтоўкі бярозавага соку лясніцтвы Пружанскага лясгаса прыступілі раней, чым летась.

Як расказвае ляснічы Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк, дзякуючы ранняму прыходу веснавога цяпла першыя спробы набраць бярозавік былі яшчэ 17 сакавіка. Аднак маразы вярталіся па начах і вынік атрымаўся нездавальняючы.

Ляснічая Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк.

— Дачакаліся больш цёплага надвор’я і да нарыхтоўкі прыступілі 21 сакавіка, — расказвае Ганна Аляксандраўна. — На гэты раз больш удала. Менавіта з гэтага часу, можна сказаць, пачалося маштабнае атрыманне бярозавіку.

Работнікі лясніцтва разлічваюць на актыўны збор соку не толькі да канца месяца, але і амаль да сярэдзіны красавіка. Аднак надвор’е імкнецца ўносіць свае карэктывы, у чым мы пераканаліся, калі наведалі адну з дзялянак непадалёк ад Аранчыцаў. Папярэдні дзень, як паведамляе ляснічы, выдаўся вельмі цёплым, і да вечара пластыкавыя пакеты напаўняліся не па адным разе. Усяго насельніцтву было рэалізавана 1200 літраў. А вось раніцай наступнага, калі раптам пахаладала, карціна рэзка памянялася. Рух соку настолькі замарудзіўся, што да апоўдня задаволілі толькі некалькі заявак.

З улікам мінулагодняга попыту лясніцтву патрэбна ў суткі нарыхтоўваць не менш за 500-600 літраў. Ужо зараз атрымалася своеасаблівая чарга з жадаючых набыць гаючы напой. Як зазначае Ганна Траццяк, тэлефануюць нават з суседніх раёнаў, паступаюць заяўкі з Брэста, Мінска. Усім спецыяліст раіць абавязкова звяртацца ў лясніцтва, каб можна было гарантаваць, што па прыездзе заказчыка будзе чакаць патрэбны аб’ём нарыхтаванага соку.

Што тычыцца кошту бярозавіка, то сёлета лясгас пакінуў мінулагодні — 18 капеек за літр.

Тым, хто загадзя паклапаціўся пра пакупку соку і звярнуўся ў лясніцтва, майстар лесу Аляксандр Наход гарантуе поўныя пакеты.

У лясніцтва ёсць яшчэ адна дзялянка, дзе вядзецца так званая прамысловая нарыхтоўка. Сабраны там бярозавы сок будзе накіраваны на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Заказчыкі, у асноўным Пружанскі кансервавы завод, чакаюць, што ў гэтым сезоне кожнае падраздзяленне лясгаса паставіць не менш за 45 тон, але і гэтыя планы могуць карэкціравацца надвор’ем. Як і агульнай занятасцю работнікаў лясніцтваў, бо ім паралельна даводзіцца і кантраляваць так званых «бярозавых браканьераў».

— Мы вядзем нарыхтоўку соку па строгіх правілах, — тлумачыць Ганна Аляксандраўна. — Напрыклад, у шэрагу месцаў падобныя работы поўнасцю забараняюцца. Абавязкова выбіраюцца такія дзялянкі, дзе ў бліжэйшы час будуць праводзіцца санітарныя і прамысловыя высечкі. Ёсць патрабаванні да памеру і формы адтулін у дрэве.

Парушальнікі наўрад ці кіруюцца такімі ж правіламі, а значыць, наносяць лесу велізарную шкоду. Таму прадугледжана даволі сур’ёзнае пакаранне за самавольную падсочку дрэў: штраф да 20 базавых велічынь на фізічную асобу, да 100 БВ — на ІП і да 500 БВ — на юрыдычную асобу. Калі такія ж дзеянні былі выяўлены на ахоўваемых тэрыторыях, то штрафныя санкцыі яшчэ павялічваюцца.

У любым выпадку нарыхтаваць бярозавік самому можна законна. Дастаткова звярнуцца ў лясніцтва, каб выпісаць адпаведны білет. Заяўніку будзе выдзелена месца ў лесе. Аднак падобнай магчымасцю амаль ніхто не карыстаецца: падобныя клопаты з улікам невялікіх выдаткаў на пакупку гатовага соку нерацыянальныя.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік


Пружанскі лясгас рэалізуе сок бярозавы.

Кошт — 0,18 руб. за 1 літр.

Інфармацыю аб месцазнаходжанні дзялянак і наяўнасць бярозавага соку можна ўдакладніць у бліжэйшым лясніцтве па тэлефонах:
—Бярозаўскае лясніцтва — 28-1-80,
—Гарадзечненскае лясніцтва — 63-1-45,
—Зеляневіцкае лясніцтва — 48-3-40,
—Ліноўскае лясніцтва — 31-3-63,
—Лыскаўскае лясніцтва — 3-12-45,
—Ружанскае лясніцтва — 29-6-91,
—Пружанскае лясніцтва — 7-11-08,
—Міхалінскае лясніцтва — 28-1-42,
—Мокраўскае лясніцтва — 64-6-67.

Пружанскі лясгас інфармуе: згодна з арт. 16.19 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях ч.1, незаконны збор соку цягне накладанне штрафу да 20 базавых велічынь, на прыватнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь.