Чацверты год 17 верасня ў нашай краіне адзначаюць Дзень народнага адзінства. І сёлета гэта самае маладое свята прайшло на Пружаншчыне надзвычай маштабна. Ахоп мерапрыемстваў, прысвечаныя знамянальнай даце, не меў межаў. Афіцыйная частка пачалася каля помніка спаленым вёскам, дзе адбыўся мітынг, які яшчэ раз нагадаў аб важнасці і значнасці нашага аб’яднання, аб сіле і моцы нашай дзяржавы.
Святкаваць гэты дзень падказала само жыццё. 17 верасня мае глыбокія і гістарычныя карані і адначасова напоўнена важным сэнсам дня сённяшняга і зваротам у будучыню. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва райвыканкама, актывісты грамадскіх арганізацый, навучэнцы патрыятычных класаў, каледжа, педагогі, работнікі арганізацый, мясцовыя жыхары і госці горада.
істарычнага афармлення беларускай дзяржаўнасці, нацыі ў цэлым, а таксама шчырага імкнення жыць адной вялікай сям’ёй ва ўласным доме. Цяпер у нас ёсць усе магчымыя рэсурсы, а галоўнае — адзінства і згуртаванасць для дасягнення ўсіх пастаўленых мэтаў: берагчы мір, тварыць дабро і рухацца наперад. Са словамі ўдзячнасці і віншавання да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.
— Народнае адзінства для нас — не толькі прыгожая метафара, гэта аснова стабільнага развіцця нашай шматнацыянальнай дзяржавы. Гатоўнасць абараняць яе закладзена на генетычным узроўні, у характары кожнага беларуса. Нават у самыя складаныя для роднай зямлі часы, наш народ аб’ядноўваўся і пераадольваў цяжкасці разам, і наша гісторыя таму пацвярджэнне. Цяперашняе становішча ў свеце вельмі няпростае, узнікаюць новыя пагрозы, успыхваюць ваенныя канфлікты. На гэтым геапалітычным разломе знаходзімся і мы з вамі, таму сіла і моц нашай дзяржавы, безумоўна, у адзінстве, у агульным імкненні абараніць зямлю ад усіх наяўных выклікаў сучаснасці, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.
Ва ўсе часы наш народ-працаўнік паказваў сваю непахіснасць перад выклікамі лёсу, яшчэ больш умацоўваў свой дух, дэманструючы намер працаваць і жыць у свабоднай, мірнай і квітнеючай краіне. Менавіта такую думку ў сваіх вершах выказаў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Яцкевіч.
Калі гаворка заходзіць пра народнае адзінства, у першую чаргу ўспамінаюцца трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта было самае цяжкае выпрабаванне, якое вытрымала наша краіна. Пераадолець усе нягоды ваеннага ліхалецця нашы дзяды і прадзеды таксама змаглі дзякуючы адзінству. На палях баёў яны ішлі побач, дапамагаючы адзін аднаму, адваёўваючы кожны метр роднай зямлі. Памяць загінуўшых ушанавалі мінутай маўчання, усклалі чырвоныя гваздзікі да падножжа манумента спаленым вёскам. Наколькі важна берагчы мір і спакой на нашай шматпакутнай зямлі, у сваёй прамове выказаў благачынны прыходаў Пружанскага раёна, настаяцель сабора св. Аляксандра Неўскага айцец Міхаіл Носка.
— Сёння на нашай гасціннай зямлі адчуваюць сябе роўнымі з іншымі людзі, якія бягуць ад войнаў і канфліктаў з замежных краін, а гэта 150 нацыянальнасцей, 25 канфесій і рэлігійных накірункаў. За 30-гадовы суверэнны шлях нам удалося стварыць надзейны фундамент для ўпэўненага развіцця Рэспублікі Беларусь. У праваслаўнай традыцыі існуе такое паняцце, як «святая Русь» — духоўны пачатак усяго славянскага народа. І з прыняццем праваслаўя гэты народ атрымаў асвяшчэнне. Нягледзячы на розныя нападкі ў розныя часы, славяне заўсёды былі ў адзінстве, з адкрытай душою і чыстым сэрцам. Таму так і прываблівае наша зямля людзей іншых народаў, — зазначыў айцец Міхаіл.
Сёння ў нашага народа ёсць усе магчымасці, каб захаваць традыцыі, каштоўнасці, спадчыну, дадзеныя нам продкамі. Моладзь Беларусі з удзячнасцю ставіцца да дасягненняў нашай дзяржавы і шануе сваю гісторыю. У яе ёсць усе магчымасці, каб вучыцца, працаваць, ствараць сем’і і сваіх дзяцей гадаваць на роднай зямлі. У кожнага з нас ёсць свае мары і выдатная магчымасць усё гэта рэалізаваць. Нас аб’ядноўвае адно жаданне — захаванне міру на нашай зямлі!
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, завяршыліся ў Палацы культуры вялікім святочным канцэртам «Мы разам», падрыхтаваным удзельнікамі мясцовых студый, народнымі, узорнымі калектывамі, навучэнцамі ДШМ і клубамі па інтарэсах. Усе канцэртныя нумары тонкай нітачкай былі прасякнуты тэмай любові да родных мясцін, да сваёй зямлі, да Бацькаўшчыны. Бо Радзіма — гэта ўсе беларусы, а калі мы разам — у гэтым і ёсць наша сіла і моц, зламаць якую ніхто не зможа.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік