Падвядзенне вынікаў плённай работы, вызначэнне будучых задач і ўзнагароджанне лепшых работнікаў адбылося на святочным мерапрыемстве ў калектыве газавай гаспадаркі. Як адзначыў начальнік Пружанскага раёна газазабеспячэння А.Г.Рахавецкі, няспынны рух наперад працягваецца. Доказам гэтаму з’яўляецца будаўніцтва новых газаправодных нітак, правядзенне мадэрнізацыі вытворчых баз у Ружанах і Пружанах. Рэгулярна ў арганізацыю прыходзіць маладое папаўненне. Пры гэтым высокай застаецца якасць усіх работ. Дзякуючы чаму, усе пастаўленыя задачы выконваюцца ў штатным рэжыме, без аварыйных сітуацый і выпадкаў вытворчага траўматызму.

З віншавальнымі словамі да калектыву газавай гаспадаркі раёна звярнуўся і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Ён адзначыў згуртаванасць службы, адзінства інтарэсаў усіх вытворчых звёнаў.

— Прыклад вашага прадпрыемства даказвае, што ў адзіным руху можна дасягаць выдатных вынікаў, — падкрэсліў Мікалай Пятровіч. Ён уручыў лепшым работнікам прадпрыемства Граматы і Падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

Падарункі прывёз і начальнік ВУ «Кобрынгаз» Д.М.Манцэвіч. Кіраўнік галаўной арганізацыі адзначыў, што па выніках работы ўсіх структурных падраздзяленняў у мінулым годзе вытворчае ўпраўленне было прызнана лепшым у вобласці.
— Спадзяюся, што і сёлета высокае званне будзе зноў заслужана намі, — падкрэсліў Дзмітрый Мікалаевіч. — Тым больш, што наша служба заўсёды вызначалася адказнасцю і добрасумленнасцю работнікаў.

У пацвярджэнне сказанаму начальнік ВУ «Кобрынгаз» уручыў каля дзясятка грамат лепшым спецыялістам. А таксама традыцыйна адзначыў ветэранаў газавай гаспадаркі. Вадзіцелю А.У.Прэдку, майстру А.В.Шлебу, слесару М.У.Гаўру і кантралёру С.Г.Абрубка, якія адпрацавалі на прадпрыемстве па 30 і больш гадоў, уручылі тэлевізары «Гарызонт» з дыяганаллю экрана ў 32 дзюймы.

А слесар М.Я.Міхальчук, які мае больш чым 40-гадовы стаж, стаў шчаслівым уладальнікам тэлевізара той жа маркі, але з экранам у 43 дзюймы.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_280723219